Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А я, ведаеш, — зноў пачаў Рыгор: — думаю як-кольвечы пабываць у Сілцох. Цягне адведаць…

— Гэта, па-мойму, небясьпечна. Там напэўна на цябе зубы точаць, — перасьцярог Сроль: — ці варта?

— Плёвая справа — няхай точаць; і наточаныя можна будзе выбіць… Ведаю…

— Расхрабрыўся, бачу! — засьмяяўся Сроль.

— Якое там храбрасьці трэба! Падумаеш!

Ён махнуў рукою, зрабіў два-тры крокі моўчкі і дадаў:

— Гэта яшчэ ў проекце, вядома… Мала што можа гэты час!.. Пэўна, што цікавей бліжэйшае, тое, з чым вось заўтра мушу спаткацца…

— Пра вошта гэта ты?

— Ды хоць-бы аб працы… Скажы, браток Сроль, ці можна як-кольвечы ўстраміцца ў гэтым Смагіне на работу? Хоць-бы з малага, якіх рублёў дваццаць у месяц зарабіць, га? А там — як кажуць — бог бацька…

— Я думаю, што можна будзе. Казаў-жа, — няўжо забыў? — што тут ёсьць некалькі майстэрань па тваёй профэсіі. Заўтра зранку запытаю таго-сяго, а вечарам — угледзімся… Ты дзе спыніўся?

— У Крамніка… або я ведаю, дзе лепш!

— Не, нічога і там. Усюды аднакава. Не спадабаецца — можна будзе перамяніць… Так… А вось, наконт грошай як? Кажы.

— Краплюся пакуль, — неахвотна адказаў Рыгор.

— Ды чаго саромецца?

— Пэўна, тым болей перад табою… Вось пасьнедаў на саракоўку, а то яшчэ і абед заказаў…

Ён паглядзеў на гадзіньнік:

— Ужо да вячэры блізіцца… Ды пэўна-ж, скажу, як прыпрэ…

— Ня хопіць — Крамнік паверыць… людзі добрыя.

Сроль зьнізіў голас і дадаў:

— І свае. Дачка ў організацыі… Бачыў, мо’?

— Так, яна падавала мне гарбату і прыбірала пакой… Прызнацца — цікавая дзяўчына… і таварыш…

Сроль адказаў на гэта ўкрадліваю ўхмылкаю.

— Кажаш, кінулася ў вочы, га?

— Заслугоўвае таго…