Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён зьнізіў тон і азірнуўся.

— Няма каго баяцца.

— Ды я не баюся.

І сам азірнуўся вакола.

— Мяне, брат, выслалі сюды ў адміністрацыйным парадку пасьля васьмімесячнае адседкі ў астрозе. І, пэўна, поліцыя будзе мець за мною пільны нагляд. Так што справа з маёю заменаю другіх — ня гэткая простая, як табе здаецца. Трэба абдумаць гэта пытаньне ўсебакова… Зразумела, што я не адкажуся ад працы, не магу адказацца… Ты, брат, пэўна чуў, як і што рабілася мінулым летам у Рызе? Ох, якая вялікасьць здарэньняў! Што за ўздым! І вось я, прызнацца, адыгрываў у ім не апошнюю ролю… Разумееш, дапамагаў організаваць дэмонстрацыю рабочых, выступаў з прамовай, прымаў удзел у сутычках з поліцыяй… Высунуўся ведаеш, у першыя шэрагі партыйнае організацыі… Але разбурыла поліцыя і забастовачны комітэт і організацыйны комітэт… колькі было арыштаў ды высылак! Яшчэ, можна сказаць, я лёгка адплаціўся, а другія разасланы, хто ў Сібір, хто ў Архангельск, Туркестан… Справы, бачыш…

Рыгор углядаўся ў Сролеў зацікаўлены твар.

— І, ведаеш, братка Сроль, — казаў ён далей, — ўсё маё жыцьцё перавярнулася ўверх дном. А складалася яно, бачыш, так. Пазнаўся з цэлым шэрагам таварышоў… Меў пару знаёмых дзяўчат… Ха-ха-ха! Апошняе сьмешна? Нечакана, само сабою зьвівалася ў калаўрот здарэньне за здарэньнем, яскравыя, блішчастыя, буйныя па размаху і глыбокія па сутнасьці… І вось, прыехаў сюды бяз грошай. Чужы кут, а выпадзе так, што доўгі час ня будзе працы, тады як?.. Каб я адзін, а то-ж дзесьці гаруе па мне маці. Шмат часу ня пісаў ёй — старая заплачацца. А мо’ — хто ведае, — што здарылася там з ёю, адкуль пачуеш?.. Ты, часамі, Сроль, не перапісваўся з Сёмкам ці з іншым кім?..

Сроль адмоўна паматаў галавой.

— Выехаў і кончана? Сілцоў як і ня было?

— Вядома… А як-жа інш… Напішаш — будзе сьлед для поліцыі.

— І то праўда…

Рыгор памаўчаў.

Яны падбліжаліся да пажарнае, што стаяла на адгоне калькіх сажняў ад паўднёвага ярусу крам.