Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/249

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Мая прысутнасьць у цябе ўсё кажа…

— Мала, браток, мала… Я хачу ведаць дасканала, на якіх-жа правох… Рыма штосьці казала, нібы-та мерыліся цябе выслаць…

— Праўда, — цішком адказаў Пятрусь.

— Такі?

— Іначай нельга. Цяперака трыццаць тры пункты — шаблёнае рашэньне… Чым-жа я лепшы?

Рыгор задумаўся.

— Дык ізноў на расстаньне?

— Нічога не парадзіш.

— І далёка намерыўся ехаць?

Пятрусь некалькі памаўчаў, пасьля шэптам паведаміў:

— Застаюся ў Шувалаве. Днямі мецьму новы пашпарт і перад табою — другі чалавек…

— Та-ак?..

Рыгор зрабіў зьдзіўленую міну, пакасіўшы галаву.

— Гарбата! Можна? — перабіла з-за дзьвярэй гаспадыня.

— Прашу вас… Налівай, Пятрусь… Можа-б вы, Сарафіна Хлёраўна, пазычылі мне некалькі закускі… Выбачайце ўжо, але дайшло да таго, ведаеце…

Праз хвілін пяць гаспадыня прынесла да Рыгора дзьве талеркі з рознаю ежаю.

— Што маю, не захайце, — праказала яна.

Рыгор упрашваў Пятруся закусіць, а сам няўпэўнена азіраў яго з галавы да ног. На Пятрусю адбіваліся ўтома доўгага адзіночнага вязьненьня. Яму неахвотна давалася гутарка, і на несканчоныя запытаньні Рыгора ён адказаў двуслоўнымі сказамі ці кіўком галавы.

— Ну, ты бачыўся з Рымаю? — пытаў Рыгор.

— Калі-ж было!

— Дык ты наперад усяго да мяне?

— Я ўчора вызваліўся і пасьпеў ужо пераначаваць на волі…

— І яшчэ не агледзеўся акурат?

— Цяжка апамятацца.

Рыгор перамяніў гутарку, каб урознастайніць Пятрусёў настрой.

— А ў мяне, браток, колькі ўсякіх навін!

— Маеш навіны? — з адбіткам нявыразнай цікавасьці запытаў Пятрусь…