Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/248

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сарафіна Хлёраўна гасьцінна адчыніла дзьверы і прапусьціла госьця ў свой пакой.

— Я вас добра помню… Распранайцеся… Го, як Рыгор узрадуецца вашаму прыходу!.. Вы езьдзілі кудысьці?..

Пятрусь — то быў ён — ня ўстрымаўся ад сьмеху.

— Каб ды езьдзіў — сядзеў, ня езьдзіў…

Гаспадыня адразу перамянілася на твары.

— Сядзелі?.. Во, здэцца, Рыгор прачнуўся…

Яна мігам вылецела з пакою, і Пятрусь пачуў часты асьцярожлівы стук у дзьверы. Ён дагадаўся, што гаспадыня будзіць Рыгора, але не даваў на гэта выгляду.

— Хтосьці стукае за сьцяною! — праказаў ён у адчыненыя дзьверы.

Тая ўбегла ў пакой і паведаміла:

— Рыгор устаў; ён просіць вас да сябе.

Пятрусь спакойліва выйшаў з яе пакою і пастукаў Рыгору.

— Братка-а-а! — выгукнуў Рыгор, угледзеўшы перад сабою Пятруся: — Я хіба ня сьню?

Яны кінуліся ў обдым і зацяжна пацалаваліся.

— Разьдзявайся, вось… Мо’ хочаш чаго перакусіць?.. Не чакаў, ведаеш, ну, забі, не чакаў… Яшчэ нядаўна, вось, бачыў Рыму і пытаў… А пэўнага — нічога… Ну, як-жа, як, кажы?!..

Рыгор пасобіў Пятрусю зьняць паліто і неадгінна заглядаў яму ў вочы. Пятрусь паціраў ад марозу рукі і спакойліва, суцешна ўхмыляўся. Яго схудалы твар выразна выпукляў падаўжэлы, здавалася, нос, і праводзіў роўныя лініі ўсьцяж вытырклых скронь. Вочы ўдаліся глыбей у орбіты і ўпарта змагаліся з навяваючай хвалькай ухмылкі. Знаёмы гарнітур здаваўся завялікім і прасторна вісеў на Пятрусёвых плячох.

— Як бачыш… Некалькі месяцаў — у воду…

— Дык раскажы, усё-ткі…

— Рыгор пазваў гаспадыню і папрасіў гарбаты.

— Госьць, Сарафіна Хлёраўна, неспадзяваны госьць… Калі ласка, ужо…

— А я ведаю, ведаю, — суха адказала гаспадыня.

Пятрусь ня сьцярпеў, каб не азнаёміць Рыгора з яе нядаўнімі паводзінамі вакол яго, і праказаў:

— Напалохалася, бедная…

— Кручаная, а ня бедная… Кажы лепей пра сябе…