Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/247

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

адрасатам. На ложку, расьпятым, ляжаў у адзежы гаспадар пакоіку. Памятая падушка ціснулася між палак ложку, разгароджваючы надвае пухкія валасы Рыгора. Ён спаў, як заварожаны, ціха-ціха сапучы. Спаў соладка і моцна, адарваным ад сьвету і ад яго жорсткіх праяў.

А ў гэты час паважнаю, разьмеранаю паходкаю набліжаўся да яго дому затулены ў каўнер чорнага паліта чалавек. З-пад нахлабучанае фінкі ён паднімаў пару нявыразных у змроку вачэй і разьзіраў нумары. Каля брамы Скрынкінай, Сарафіны Хлёраўны, ён спыніўся і аглядзеўся навакола. Пасьля шчыльна падблізіўся да вярэі і яшчэ нейкі час пазрочыў на прыламаную лічбу ліхтарні.

З-пад Выбарскае шашы падыходзіла да яго некалькі пешаходаў і ён, каб не спаткацца, хутка прайшоў на двор. Пры дзьвярах ён яшчэ крыху падумаў ды памеркаваў, адаля пазваніў. Хвілін з пяць ніхто на званок ня прыходзіў. Можна было думаць, што няма нікога ў дому, але чалавек паўтарыў званок і яму адчынілі.

— Вам каго? — злосна запытала Сарафіна Хлёраўна, выбегшы ў хусьцінцы на галаве.

— Я да Нязвычнага… Ён дома?

— Ён сьпіць і яго ня варта трывожыць…

— Мне экстранна да яго…

— Я перадам ўсё, што вы дасьцё ці скажаце…

— Мушу асабова…

— Даруйце, я не магу вас пусьціць…

— Я а дванаццатай павінен выехаць…

— Я і сама ня ведаю…

Чалавек пераступіў парог і ўжо безнадзейна было яго выгнаць. Сарафіна Хлёраўна зачыніла дзьверы пярэдняй і падышла да Рыгоравага пакою.

— Сьпіць, а будзіць яго так шкода, што я… Заходзьце да мяне, хіба, на хвілін колькі.

Гаспадыня ня кідала разглядаць незнаёмага. І пакуль той вырашыў, будзіць Рыгора ці не, яна адважылася запытаць яго.

— Ці вы толькі… ня былі ўжо калі-кольвечы ў Рыгора?

— Можа калі і было…

— Я бачу, што нешта знаёмае відаць і ў вашай паходцы і ў вашых вачох і… Калі ласка, прашу да мяне…