Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/246

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

райся — голы гатоў, — а вось кут дарагі і з месца ня ўзьняцца… Жджэцца пакуль папхнуць і тады ўжо, даруй, да цябе. Прасіцьму Сёмку, няхай не пашкадуе мясьцінкі для клумачка і хоць да Ліцку адвязе. Няўжо я далей ня траплю сама ў Пецярбург? Можа-ж там зацішней крыху, сынок? Дажыліся, мілы мой, дачакаліся. Уздумаў д’ябал сьвет засмуціць і пайшла гуляць завіруха… Каб ты ды бачыў тое пекла ў часы мобілізацыі — Рыгор-ор-ка-а, зала-а-т-ы-ы! Што тады рабілася! Век зжываю — ня бачыла… Цяпер трасуся — думаючы…

Ну, як-жа-ж ты там, галубе? Шануйся сыне, беражыся, родны. Твая маці не пакідае аб табе думаць. Яна моцна цябе цалуе і…»

Стук у дзьверы адарваў Рыгора ад замілаваных слоў мацеры. Ён незадаволена папрасіў увайсьці і падняўся з крэсла.

Высокая, у блакітным, з белымі інталяжамі сукні, паружавеўшая ад хмелю, увайшла ў яго пакой стройная маладзіца. Крыху скошанымі вачмі пад шарымі брывамі ласкава зірнула на Рыгора. Тут-жа доўгая рука зьмяёю выцягнулася на ўзроўні белага, як сьнег, поясу.

— Суніцына. Я пасланцом ад Сарафіны Хлёраўны… Ня цурайцеся яе гасьціннасьці, малады чалавек… Новы год… Сёньня жывом, а заўтра — Авеццано… Ці Нява, ці Бальтыцкае мора, калі ня вулькан…

— Я дзякую вам…

Рыгор паглядзеў у твар незнаёмай жанчыны і адвярнуўся.

— Я адчуваю сябе, ведаеце, надта змораным і… дзякую…

Маладзіца спакойліва падышла да яго і ўзяла пад руку.

— Вы, мужчыны, робіцеся часта жанкамі. Ідзем-жа…

Рыгор яшчэ раз падзякаваў за запрашэньне і ўглыбіўся ў мацярын ліст.

Пастаяўшы хвіліну моўчкі, маладзіца мерсканула з пакою, моцна стукнуўшы дзьвярыма.

Праз момант па калідоры праляцела рэха шклянога звону рэзвага, гіронічнага сьмеху.


IV

ШАРЫ ЗМРОК глядзеўся ў цішыню Рыгоравага пакою. Сьцягнутая са століку сурвэта пялася падняць скінуты і разгорнуты лісток паперы. Сіні конвэрцік туліўся да боку, абняхаены