Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/244

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рыгор раптам спыніўся: «Анікей».

Так, на адгоне дзесяці сажняў ішоў яму настрэчу яго таварыш Анікей. Ён ужо заўважыў Рыгора, бо на яго расчырвоненым твары гуляла ўхмылка. Падышоўшы бліжэй, Рыгор падняў руку да шапкі і стрэў ад Анікея падобнае-ж прывітаньне.

— Ты ня з гораду, часамі? — запытаў Анікей.

— Угадаў, браце…

— Бачу.

Рыгор сумеўся — на ім відаць было адбітак перажытае ночы. Ён успомніў, што, выходзячы ад Гэлі, яму ня прышлося нават умыцца. Чуў па нудзе ў нагах і па шоламе ў стомленай галаве, што ў ім мала звычайнага. Празрыстая сонечная пагода не гадзілася з памятасьцю яго твару, з прыплюшчанасьцю яго звычайна бойкіх, іграючых вачэй.

— А відаць, ласьне?

— Ха-ха! Не схаваешся — дзень…

— Дагадваюся… Перажыў ноч, скажу табе…

Поверт галавы і ківок рукі ўзмоцнілі сэнс Рыгорава сказу.

— Дзе-ж гэта ты і як?

— Не раскажаш, пакуль не апамятаюся… Перажыў, чаго дагэтуль не даводзілася… Куды ты?

— Я за Маскоўскую заставу. Там маецца сёньні адбыцца маленькая нарада…

— Наконт дзевятага студзеня?

— Ага…

— Стой на нашай думцы, Анікей… Мы павінны адсьвяткаваць гэты дзень… Пара разьбіць маўчанку… Годзе-э…

— Ды я чалавек цьвёрды… Мяне цяжка зьбіць з абраных позыцый… Ну, пакуль…

Рыгор ускоранай хадою накіраваў у ператочную вуліцу.

Незаўважна ён прайшоў на Выбарскую шасу, а адтуль завярнуў дамоў. Яму адчыніла гаспадыня.

Новы год адбіваўся на ёй у вясёлым твары, у парыўчатых рухах і ў надзвычайнай пілявасьці.

— Я ужо нямаведама што падумвала наконт вас… Порачнулася — а ў вашым пакоі — муха-заваруха. Я пастукала — маўчок. Я, прызнацца, адчыніла, а пасьцель нярушаная… Дзе, думаю, Рыгор Міхасевіч? Час ня пэўны і мала што можа трапіцца…

Сарафіна Хлёраўна наўзьдзіў ласкава зазірала Рыгору ў вочы і не дазваляла адыйсьці ад дзьвярэй.