Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/243

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ка пранёсься перад яго вачмі. У замерзлых, абсьнежаных вокнах мігала некалькі людзкіх ценяў. На адгоне кварталу — рассыпалася серабро сыгнальнага званку. На рагу гандлёвага раду Аляксандраўскага рынку стаяла некалькі рамізьнікаў. Ухутаныя ў доўгія зялёныя халаты і валасатыя пыжыкавы шапкі, двое з іх стукаліся адзін з другім, праганяючы мароз. Трэці неадгінна сачыў за таварышамі і весела падбадзёрваў іх частымі выгукамі.

З-пад Сэнацкага пляцу выскачыў жоўты аўтомобіль і стралою прарэзаў стромкі шнурок Вазьнясенскага. Чырвоныя аколышкі седакоў чуць адзначыліся ў Рыгоравым ваччу. Калі аўтомобіль праскочыў мосьцік праз Фантанку, рамізьнікі кінулі па адрасе яго некалькі лаянак.

— Паедзем? — зьвярнуўся адзін з іх да Рыгора.

Той моўчкі прайшоў далей.

На рагу Петэргофскага проспэкту ён стрэўся з атрадам бальтыцкіх маракоў. Выходзячы на Садовую, маракі зацягнулі песьню. Звон песьні многаратным водгукам разьляцеўся ва ўсе канцы вуліцы.

Рыгор правёў маракоў да Сяннога пляцу, дзе сеў на падасьпеўшы трамвай і паехаў на Выбарскую.

Не даяжджаючы да апошняй спынкі, ён выйшаў з вагону і пайшоў пяшком да кватэры. Яму хацелася сустрэць таварыша ці знаёмага і ў гутарцы з ім на тую ці іншую тэму разагнаць сьціснуўшае яго пачуцьцё агіды і млосьці.

Мінуўшая ноч пакінула ў яго нутру гадкі асадак. Выабражэньне затуманілася дымкаю горкасьці. Сударгі нэрвовасьці разгойдалі ўсю яго постаць. Няпрыглядная, адваротная сапраўднасьць труіла сэрца.

Ён ня верыў у прымхі. Ён сьмяяўся з усялякіх забабонаў. Але супаданьне двух стрэч перад новым годам — прыкрыла. За трыццаць хвілін язды ў трамваі ён перагарнуў дзесяткі ўспамінаў, зьвязаных з Гэляю. Перад ім мігнулі Сілцы, Смагін, зборні і пакоік, дзе ён стрэўся з аматарскаю трупаю. Рэзвая, жыцьцёрадая Гэля, як жонка Вусіка; Гэля, як здольная аматарка-артыстка… Яе надзеі, яе парываньні… І зараз… Бацькі, Пятрусь, Зося і Волька… і сьвет у выглядзе тае кабеты — чудзішча, якую ён двойчы ўгледзеў у кватэры Гэлі — беспагадна паглядзеў яму ў вочы. Пажаданьні за чаркаю віна ў прытульнай каморцы Ганны і распырсканае на прыпол піва…