Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/239

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Што-а ты кажаш?

Дзяўчына завярнула назад і ўподбежкі стала ўцякаць ад Рыгора.

— Гэля, куды-і ты? — гукнуў Рыгор: — Чакай, на хвіліну.

Гук панёсься ўсьцяж доўгай Садовай. Рыгор пайшоў за дзяўчынай. На адгоне трэцяга дому, у самым цёмным месцы яна завярнула да сьцяны і спынілася. Рыгор падышоў да яе і ўзяўся за руку.

— Гэля?

— Так, Гэля… Даруй мне, што я…

— Ты-ж чаго гэта так позна адна? Ты заблудзіла можа?

Яна траслася ні то ад холаду, ні то з сораму.

— Хадзем да мяне…

— У бежанскі комітэт?

— Не-э, я ўжо на новай кватэры. Я жыву вось у гэтым двары… Зойдзем, Рыгор… Табе далёка ісьці дамоў… Я ўладжу з начоўкаю. Дам табе свой ложак, а сама перайду да таварышкі…

Ад Гэлі нясло пахам таннае пудры і поту. Блішчэлі заатрапіненыя вочы. Яна стукала нагою аб нагу, ляскочучы замерзлымі чаравікамі. Рыгор ня ведаў, як быць. Яго рука не выпускала з пальцаў Гэлінай рукі. А думкі разгорталі шэраг балючых дагадак. Яны страшылі Рыгора і ў той самы час не дазвалялі яму пакінуць Гэлю.

— Хадзем! Думаеш? Саромеешся?

Апошняе запытаньне агаліла праўду. Рыгор адказаў на гэта сударжным уздрыгам і на некалькі хвілін адсрочыў намер пайсьці з Гэляю.

Але яна пераняла Рыгора, стукнуўшы нагою ў браму.

— Хто там? — пачуўся з-за брамы мужчынскі голас.

— Гэля.

Бразнулі ключы і каля іх вырас высокага росту, тоўста апрануты дворнік.

— Ідзеце.

Рыгор безабдумна шагнуў за Гэляй і ачуўся ў вузкім цесным двары.

— Дай капеек дваццаць дворніку, — шапнула Гэля Рыгору.

Той спыніўся, дастаў пулярэс, і, абмацаўшы сярэбраную манету, працягнуў руку да дворніка.

— Дзякую! — адказаў той.

Рыгору замоташніла.