Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/240

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ды куды было раздумваць! Падобны вастрожнаму, выразны стук брамы аддзяліў іх ад вуліцы. Гэля мерзканула ў цёмны кут двара, сыкнуўшы Рыгору. Нельга было ня ісьці на яе кліч.

Праз хвілю абое ўзьбіраліся павілымі ўсходамі наверх. У нос біла атручанае паветра: нясло памыямі, гнілым расолам, здыхляцінай. Сумны агенчык вугальнае лямпачкі сеяў нудоту.

— Зараз, вось, Рыгорка, зараз, — суцяшала Гэля.

Рыгор маўчаў, не даючы сабе адчоту ў бягучым і не зазіраючы наперад. Лёгкі хмялёк, захоплены ў Ганны, разьвееўся. Сапраўднасьць непрыхарошанай глядзела яму ў вочы. Ён больш зрочыў пад ногі, на выбітыя, замурзаныя ўступы. Не заўважыў аблупленых сьцен і ўткнутых у іх, абітых палатном і цыратаю дзьвярэй.

— Ужо! — даняслося праз адзін пралёт, які аддзяліў яго ад Гэлі.

Пакуль Рыгор яе нагнаў — дзьверы былі адпертымі.

— Заходзь, Рыгорка! — сьмялейшым тонам запрасіла Гэля.

Рыгор пераступіў парог у цёмны калідор. Дыхнуўшы імпад ня даў магчымасьці адступіць ад дзьвярэй, і Гэля таўхнула яго рукою.

— Прайдзі наперад.

Разам з выказам гэтых слоў бліснула сьвятло. І тут-жа, як па чыйму оклічу, з бакавых дзьвярэй высунула галаву страшэннае стварэньне: налахмачаная, адутлая, з бліскучымі вачыма пажылая кабета. На ўзроўні яе плюскатага носу з адвіслым падбародкам, целяпаліся гарбузамі фэномэнальныя грудзі.

— Вольны нумар трэці. На час, ці нанач?

— Гэта мой знаёмы, і ён у мяне заначуе.

— Там усё напагатове? Можа піва патрабуецца?

Стварэньне не мяняла позы.

— Я вам скажу, Палута Янкаўна, — нездаволена адказала Гэля і прапусьціла Рыгора ў пакой.

Рыгор моўчкі шуснуў у адчыненыя дзьверы і стомлена прысеў на зялёнай тумбачцы. Абставіны яго вярнулі — яны былі знаёмы Рыгору па вядомым творы Купрына. Ужо адно паветра, прасякнутае вострымі, тухлымі пахамі, казала за ўсё. Яго забіраў жаль і ссала жуда. Спраўдзілася! Не здарма ад першага спатканьня з Гэляю ён затаіў мулкую падазронасьць — зараз яна навыяве.