Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/238

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вакола было пуста і ціха. Ліхтарні расплываліся сьвятлом на аб’індзявелым фоне сумных муроў. Рэдка дзе ў вокнах сьвяціўся агонь; шэрыя плямы іх прагна лавілі вулічнае сьвятло.

Пра трамвай нечага было думаць. Рыгор дарма супыніўся і прыслухоўваўся — знаёмага гуку ня чуваць было нідзе. Вярней было — шукаць рамізьніка. Але і таго не напатыкалася.

Рыгор ускорыў хаду. «Хаця-б не давялося шагаць пехам на Выбарскую старану! Гэта-ж зойме болей гадзіны».

Ён яшчэ раз супыніўся, ужо выйшаўшы на Садовую. Паглядзеў. У баку Аляксандраўскага рынку прымеціў чорныя плямкі — бязумоўна, то былі рамізьнікі. Стала бясьпечнай, і ён кінуўся сьпяшацца. Гэта дазволіла вярнуцца яго думкам да Ганьнінага пакою. Міхась Камар мігнуў перад ім несымпатычнаю мінаю твару.

«Які дзіўны ён, аднакава. Няўжо такі, сапраўды, не навучыла яго жыцьцё правільна ў ім разьбірацца?» праказаў сабе Рыгор. І толькі намерыўся працягнуць далейшую думку пра Міхася, як зьнянацку пачуў з-пад брамы:

— Як ваша імя?

Рыгора зьбянтэжыла ад нечаканасьці. Ён нэрвова азірнуўся ўправа і ўгледзіў пры чорнай браме якуюсьці фігуру. Сьледам бліснуў агенчык цыгаркі.

— Як ваша імя? — ужо сьмялей даняслося да Рыгора.

Ён спыніўся, сьцяміўшы ў чым справа. Унутры заварушылася цікавасьць.

— Вам яно патрэбна?

— Скажэце.

Ад брамы аддзялілася сярэдняга росту, у суконнай, вязанай хустцы дзяўчына і накіравала да Рыгора. Не падыходзячы на крок, яна пазвала:

— Можа праведзяцё мяне дамоў?

— А вам далёка?

— Я па дарозе з вамі… Запазьнілася ў таварышкі і боязна ісьці.

— Калі ласка, я магу з вамі прайсьці…

Рыгор ня сумеў дасказаць, як на твары набліжанай да яго дзяўчыны мігнула нешта знаёмае. Сьледам за гэтым паказаўся вядомым яе голас. Ён пільна ўглядзеўся ў дзяўчыніны вочы і з хваляваньнем праказаў:

— Гэля?