Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/237

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ужо перад канцом бяседы, якая захапіла дзесяць хвілін на другую гадзіну, Рыгор чапіў справы сябраў дзяржаўнае думы — бальшавікоў.

— Вось тая народапраўнасьць, якое вы чакаеце ад перамогі над немцамі… Не народапраўнасьць прынясе вам пераможная вайна, а дубальтовае бяспраўе і прыгон… Зьдзек, нагайкі, тухлую і крывавую горамыкіншчыну, — казаў Рыгор.

Міхась вярцеў галавою і перабіраў рукою. Бальшавікі-дэпутаты яму не падабаліся.

— Я за Ганну, за яе намеры — ісьці на дапамогу гарацешным салдатам… Агульнымі патугамі мусім выбавіць Расію ад нямецкага засільля, а тады — штыкі супроціў сваіх тыраноў. Праўда, Ганна? — Нам тады не па дарозе. Бывайце!

Ганна ўладжвала з гарбатаю. Занятая самаварам, яна зразу не адказала на Міхасёва запытаньне. І толькі падаўшы гарбату, паведаміла яму, што яна пакуль ня мае пэўных рашэньняў.

— Гэта вырашыць новы год! — гукаў Лука Дарафеіч.

Вакол Ганны гутарка вярцелася нядоўга. Госьці патрошку стамляліся і пазіралі на гадзіньнікі. І хоць Ганьне вельмі шкада было перарываць прыемны для яе час, ёй хутка прышлося расставацца з сваімі гасьцямі.

Правёўшы Рыгора, яна запрасіла яго наведваць часьцей. Рыгор даў згоду на гэта шчырым поціскам рукі. — Толькі бяз гэтых асоб! — праказаў ён за дзьвярыма.


II

ДВОРНІК ХРОП ў вялізарны каўнер чорнае браваркі. Шкада было яго будзіць. Позны час, цішыня ночы — усё казала не ў карысьць Рыгора. Усё-ж ён ня мог чакаць, пакуль дворнік прачнецца і выпусьціць яго на вуліцу. Ён падышоў да брамы і пастукаў у халоднае жалеза.

Па двары, у рэдкім марозным паветры, зазьвінела. Звон быў да таго гулкім, ажно, здавалася, сыпнулі з неба зоры. Дворнік мігам падняўся на ногі і паглядзеў на Рыгора. Нічога не сказаўшы, ён павольна адамкнуў жалезныя варотцы ў браме і выпусьціў яго з двара. Той хапіўся за кішэню, маючы на думцы аддзякаваць за гэта, але дзьверцы ў момант апынуліся на замку. Рыгорава рука адчула пякучасьць жалеза і хутка апынулася за пазухай паліта. Ён павярнуў налева, да Садовай.