Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/236

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яны скончылі пераказы, калі стрэлкі ўсіх наяўных пры іх гадзіньнікаў наблізіліся да лічбы дванаццаць.

— За гаспадыню ў новым годзе, — падняўшы ў аднэй руцэ чарку, у другой гадзіньнік, праказаў Рыгор.

Усе выпілі і прыняліся закусваць. Пакоік хутка напоўніўся бразгам нажоў, талерак, вёрткім увіханьнем Ганны, рэзваю гутаркаю. Госьці пакінулі ўмоўнасьці. Шэраг надзенных тэм уліўся ў іх спрэчкі. Рыгор схапіўся сварыцца з Міхасём. Іх перамова незаўважна для абодвых прыняла формы вострае спрэчкі, пасьля абярнулася ў дыскусію.

Рыгор няшчадна асуджаў царскі лад, ганьбу яго прадстаўнікоў, паднімаў чарку за яго зьнішчэньне. Паражэнчыя думкі набывалі выразную форму і сваім лёзам пранізвалі Міхасёва нутро.

Міхась злаваўся і таксама не шкадаваў едкіх выразаў; ён заўзята хапаўся за буржуазную формулу — «перамога над нямецкім юнкерствам дасьць народапраўную Расію». Тут зьяўляліся рознастайныя тэорыі рабочага дабрабыту, правы для Польшчы і ўскраін, разьвіцьцё прамысловасьці, уздым культуры.

Усе аблезлыя, заношаныя абяцанкі новаяўленых патрыотаў скланяліся і пераскладаліся ў вуснах Міхася Камара. Наперакор Рыгору ён выпіваў чарку за чаркаю за пераможны канец вайны, за аб’яднаныя сілы расійскага народу…

Жонка Міхася настарожна сачыла за мужам, раз-ад-разу хапаючы яго за рукаў, перабіваючы яго на сказах.

Лука Дарафеіч сьмяяўся і лагодна патураў то Міхасю, то Рыгору.

Ганна ўпарта трымалася Рыгоравых думак. Але становішча гаспадыні не дазваляла ёй уважліва сачыць за захапіўшаю ўсю кампаньню дыскусіяй. Яна нясьціханна выбягала з пакою, клапатліва сачыла, каб госьці закусвалі, не забываючы дзе яны і для чаго ўселіся за стол.

Хутка завязаная гутарка паміж імі здавальняла Ганну. Яна кінула небясьпечную думку, што на гасьцях адаб’ецца няпрытульнасьць яе пакою. Выходзіла зусім наадварот. І гэта надавала Ганьне рухавасьці і адпаведнага настрою.

— Толькі не пабецеся, — гукала яна да Рыгора і Міхася: — Тады ня добрай будзе адзнака новага году.

Рыгор махаў ёй у адказ рукою і рашуча перабіваў Міхасёвы довады.