Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/224

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

села… Усюды віталі, падносілі кветкі, выклікалі… Толькі тэатр — гэта вярцеп… Ён вытузаў сілу, разблытаў нэрвы, скаламуціў жыцьцё… Мой Лазар… Ты помніш яго, Рыгор?

— Крыху… Ну, ты пра свае посьпехі пісала мне ў Смагіне. Памятаю гарбарскія букеты і выцяжкі…

Гэля зьлёгку ўсьміхнулася.

— Вось гэты Лазар… сьпіўся, распусьціўся, залайдачыўся… Западозрыў мяне ў зайздрасці… да каго, думаеш?.. да цябе… Пачаў біць і гнаць… Перш я не паддавалася, адстойвала сваю людзкую вартасьць, змагалася, а пасьля… Ён кінуў мяне ў Крынках адну і зьбег… Дзе ён — цяжка сказаць, мэрам-бы ў войска ўзяты… Заўсяголаў толькі я асталася бяз нічога і бяз нікога… Я мусіла, Рыгор. Я мусіла ісьці…

Рыгор заўважыў у Гэліных вачох буйныя крышталі сьлёз і знарочыста затупаў па пакоі.

— Ня ехала ў Пецярбург, а паўзла… Этапамі, спынкаю, з нявыказным мардаваньнем… Я думаю, табе відаць… Не пазнаў-жа?

— Усё-ж, Гэля, ты занадта зажурбіла… Табе трэба…

— Што мне трэба? — запытала Гэля: — мне ўжо мала што трэба, а можа… Скажы, аднак, мне, дзе Пятрусь? Я дзень- у-дзень наведваю адрасны стол, хаджу па вуліцах гораду і разглядаю тысячы людзей. Некалькі раз трапляла да варот заводаў і чакала, пакуль пройдуць рабочыя… Няма… Ты, пэўна, ведаеш, Рыгор…

Рыгор памаўчаў.

— Пятрусь сядзіць… Некалькі часу таму я яго наведваў…

— Сядзіць?! Які жах! Сядзіць?!

— Сядзіць… Ужо чацьверты месяц…

— Тады мне няма чаго чакаць…

Яна паднялася, каб ісьці. Рыгор спыніў, упрасіўшы пасядзець.

— Я пашукаю для цябе месца.

— Для мяне месца? А хіба ты ня ведаеш, што я за масьцярыца?

— Кінь свой настрой… Я ня люблю, Гэля, зьнявераных людзей… Ты-ж ведаеш…

Гэля рванулася да дзьвярэй.

— Ты ня пойдзеш — ты мне не сказала ўсяго… Пасядзі…

Яна спынілася.