Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/225

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Памажы, калі хочаш і можаш…

Яе мяккі, упрошны голас разрэдзіў напружанае дагэтуль паветра.

— Я буду шукаць табе месца… Цяпер лёгка знайсьці… Толькі кінь сумаваць… Ды, нарэшце, ты маеш бацькоў, якія…

Гэля ізноў зьмяніла настрой.

— У мяне няма бацькоў — я адна. У мяне і блізкіх няма. Толькі ўсяго…

— Палічы мяне хоць-бы знаёмым, Гэля… Няўжо ты думаеш, што я не магчыму адгукнуцца ўсякі раз, як ты…

— Даруй, Рыгорка… Ты дай мне хоць пару рублёў… Я хоць чаравікі папраўлю, а то ногі вылазяць…

Рыгор падышоў да Гэлі і моцна паціснуў ёй руку.

— Калі ласка, я магу табе пазычыць пяць рублёў… Вось, апошнія — толькі глянь празрыстымі вачмі наперад, Гэля!

Ён перадаў ёй скамечаную паперку.

— Дзякую… Вельмі дзякую табе, Рыгор… Я хутка-ж пастараюся вярнуць… Няпраўда, я зараблю і вярну… Няўжо-такі для мяне ня знойдзецца працы?

Гэлін твар перавыбразіўся. На бледных шчоках адзначыўся лёгкі рыж. З вачэй зьбегла цягучая асавеласьць. Знайшлася варушлівасьць. Яна зьдзела палітцо і гіронічна адазвалася пра зношаную картуновую блюзку.

— Не пасуе да пецярбурскіх умоў, га? А даводзіцца мірыцца… Часы пераменчывы… Ты, Рыгор, будзеш ласкаў пастарацца месца?.. І яшчэ прашу цябе, браток, кланяйся Пятрусю… Можа яму гэта нішто, а для мяне… Кланяйся яму і скажы…

Яна паправілася…

— Лепей не кажы нічога… Я перад табою магу душу адкрыць, а Пятрусь… Пятрусь недаверак… Помніш, Рыгор, Сілцы? Я табе казала ня раз… Паверыш, вось да цябе ў мяне столькі павагі, што ты… У Смагіне ты ашчасьлівіў мяне нашай стрэчаю, а тут… Я ня чула ног пад сабою, угледзеўшы цябе на Неўскім…

Рыгор папрасіў у гаспадыні гарбаты.

— Я табе, Гэля, веру… І прашу, разам з тым, забудзь прыкрыя хвіліны… Ад Захараўскай у Лясное ты дарогу ведаеш… Кожны раз ты можаш ка мне прыехаць і няскрытна паведаць пра ўсе…