Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/218

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рыгор мігам праплюшчыў вочы і вылаяўся. Па ўсім целе адчувалася ўтома — ён не даспаў. Спроба ўлегчыся і яшчэ крыху прыдрамнуць асталася бяз вынікаў.

Сонечная марозная раніца іграла зайчыкамі на сьценах пакою. На вуліцы чулася ваенная музыка. Бадзёрыя гукі труб і зычны стук барабана біліся ў шыбы вокан, вабячы Рыгора.

Ён устаў і праз гадзіну часу ўжо быў на вуліцы. Аб’іненыя дрэвы цярусілі драбнюткімі крышталямі сьнегу. Кудысьці сьпяшыла грамада вучняў на чале з настаўнікам. З Выбарскае шашы даносіўся грукат паравіка. На чырвонай сьцяне муру, у які ўпіралася вуліца, адбіваўся чорны сілуэт гарадовага. Калі ён павяртаўся перадам да Рыгора, медная бляха на шапцы адбівала сонцам.

«Ці ня той самы, з якім я ўчора меў справу?» пажартаваў Рыгор і, калі параўняўся з ім, гарадавік пільна паглядзеў на яго і тут-жа адвярнуўся. Рыгор кінуў пра гэта думаць і накіраваў у горад.

Ня гледзячы на моцны мароз, паравік быў перапоўнены людзьмі. Ішла рэзвая гутарка пра апошнія здарэньні на вайне. Хтосьці сьпераду яго скардзіўся на абмылковасьць разьлікаў у рускага командваньня к калядам апынуцца ў Бэрліне. Жаночы голас узвальваў віну за гэта на Баўгарыю ды Італію. Яшчэ хтосьці з запалам агітаваў за збор цёплых рэчаў. Побач хвалілі невычарпаную энэргію солісткі «яго вялікасьці» Марылі Долінай, даваўшай у цырку Чынізельлі дваццаты «патрыотычны концэрт». Далёка ня сугучным першаму зьвінелі скаргі дваіх бабулек на ўздаражаньне мяса.

Кондуктар таксама лічыў патрэбным ўстаўляць ад сябе словы ў кожную гутарку. Гэта, відаць, яго цешыла і здавальняла, бо ён нясьціхана ўхмыляўся. Ён узяўся за артыстку Доліну, калі паравік абмінаў сампсоньнеўскую царкву. У напоўнены вагон шугнула новая грамада пасажыраў.

— Усе на «патрыотычны концэрт»… Які патрыотызм у людзей! Дайце вальней уздыхнуць ад яго! — прагукнуў кандуктар у насядаўшы натоўп.

Яго рука, павісшы на рамушку ад сыгнальнага званка, падалася ў бок, і вагон рушыў. Усьлед яму пагналіся лаянкі не папаўшых у паравік. Раптам сярод рознастайных галасоў вылучыўся сьвіст гарадавіка; ён быў нагэтулькі зычным, што пасажыры абярнуліся ў бок задніх дзьвярэй. Кондуктар тузаў вяроўку,