Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/217

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Героем быў рухавы і злоязычны сьмяльчак — ужо падняты на рукі наэкзальтаванаю грамадою.

Паддаўшыся агульнаму настрою, паўскаквалі з сваіх месц і Рыгор з Кузіным.

«Бра-а-ва-а!» — далучыўся да агульнага гоману Кузін.

Ды не пасьпеў ён стуліць вусны, як яго Рыгор тузануў за руку: — у дзьвярах харчэўні стаяла трое здаравенных гарадавых, якія сурова глядзелі на разьюшаных наведвачоў харчэўні. Хутка адзін з іх паднёс да губ сьвісьцёлку, і прарэзьлівы зацяжны сьвіст разьляцеўся па харчэўні. Грамада змоўкла, а прамоўца спрытна апусьціўся ўніз і зьмяшаўся з людзьмі. Гарадавыя напорам кінуліся ў парадзеўшую грамаду.

Праз хвілін пяць адзін з іх накіраваўся ў дзьверы, вядучы пры сабе прамоўцу. Рыгор зразу скмеціў, што справа апошняга бярэ дрэнны наварот. Ён у момант аддзяліўся ад стала і ёмкім скокам апынуўся пры гарадавіку. Наглядаўшыя гэта заўважылі спрытны манэўр Рыгора, які разам з арыштаваным мігам зьніклі за дзьвярыма харчэўні. Раззлаваны гарадавік падаў гвалтоўны сьвіст, кінуўшыся ў дагонкі за ўцекачамі.

Усьлед яму пабегла цэлая грамада з другімі гарадавікамі.

І ў харчэўні і на вуліцы разьнеслася нечаканая трывога. Кузін спакойліва выйшаў чорным ходам.


VIII

АЧУЎШЫСЯ ў сябе на кватэры, Рыгор нейкі час прыслухоўваўся да кожнага шоргату за дзьвярыма. Ён быў няўвераным, што яго хто-небудзь з прысутных у харчэўні ня прымеціў. Не магло таго стацца, каб сярод наведвачоў ня нышпарыў адзін, або і некалькі шпегаў. Толькі рэдкі выпадак мог паперашкодзіць улавіць яго прысутнасьць у харчэўні. А раз яго заўважылі — наўрад ці абмінуць з візытам на кватэру. Магчыма, што гэта была памылка з Рыгоравага боку. Як-ні-як, а паўжартоўны ўчынак таіў ў сабе дрэнныя вынікі.

Яшчэ і ў ложку Рыгора не пакідала сумненьне. І толькі а гадзіне трэцяй уначы ён зьнябыўся і заснуў.

На заўтра раніцою яго разбудзіў зьнянацкі стук у пакоі гаспадыні. Сарафіна Хлёраўна незнарок таўханула падстаўку пад вазоны і цяжкі гаршчок з зямлёю зырнуўся аб сьцяну.