Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/200

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У пакоі пацямнела. На вуліцы, у бок казарм, заблішчэў ліхтар. У яго малочным сьвятле расплыліся рэшткі вобразаў, узьнятых Сёмкавым лістом.

«Ну, а з маткай там якаво?» — уголас запытаў Рыгор сябе і баржджэй хапіўся за напісаны ёй ліст. «А калі ды згарэла і наша хата, а маці асталася без таго, што мела? Што тады? Пятнаццаць рублёў — ці-ж яны выручаць яе?»

Рыгор уталоплена глядзеў на ліст, палажыўшы на лоб руку. Плойма нявыразных думак ахутвала голаў. Становішча, якое нядаўна выясьніла перад ім бліжэйшую пэрспэктыву, раптам заблытвалася. «Якім-бы чынам тут уведаць»…

Ён не дакончыў думку, калі з-за дзьвярэй данёсься настарожлівы вокліч:

— Можна, Рыгор?

— Прашу вас!

Ужо інстынктыўна ён пачуў, што прыйшла Ганна. Было зусім дарэчы. І сэрца ўзмоцненым стукам аддало ёй вітаньне.

— Ты дома? — запытала Ганна, працягваючы яму руку.

— Чаму? А то мяне ты не заставала? Садзіся… Дома… Дагэтуль вось… гісторыя…

— Гісторыя?!

У Ганьніным ваччу бліснула настарожанасьць. З чырвоных яблычак, што іх наклеіла на Ганьніны шчокі сьвежае ядранае паветра, заўважна спадала ружа.

— Сядай… Гісторыя…

Ганна села, і не адводзіла ад Рыгора вачэй. Напружана чакала — што-ж у яго за гісторыя, які яе зьмест.

Рыгор зацяжна ўздыхнуў і пагладзіў косы.

— Гісторыя ня з прыемных, — раздразьніў ён Ганьніну цікавасьць.

Тая прыўстала, узрокам вымагаючы апавяданьня.

Калі-ж Рыгор у кароткіх рысах перадаў ёй зьмест Сёмкавага лісту, Ганна спагадліва войкнула.

— Давай тэлеграму, — парадзіла яна.

— Я думаў… Ды ці-ж бы Сёмка не дапісаў, каб крый чаго…

Гэта была самаўцеха, але Ганна на ёй спынілася — магчыма ўсё абышлося добра. Прынамсі… Што-б яна зрабіла, каб ды наадварот?..

— А я цябе чакаў…

Рыгорава рука лягла на Ганьніным плячы…