Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/199

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

лялі і адстаўлялі стракатую палку, выгуквалі аднастайныя словы: «прыняты», «у коньніцу», «у артылерыю», «у кухню». Рэдка можна было пачуць — «брак».

Пакорныя лёсу, сілкоўцы маўкліва выслухоўвалі выпады ка­місіі і гінулі ў разгаламучаным натоўпе, у пылу, за нячэмнымі драбінамі і вазкамі…

А ў гэты час у мястэчку гудзеў гвалтоўны звон. Над шэрымі стрэхамі панурых хатак гусьціўся чорны дым, запярэшчаны во­гненымі языкамі праменю. Нейкі час каля Масткоў не заўважалі гэтага, але надало камусьці паглядзець на ўсход, як дзікі выгук «Сілцы гараць!» узьняў тысячную грамаду з месца і шалёным галопам папёр яе ў мястэчка. Людзі гналі коняй, не патураючы ні на вошта, гукалі, лаяліся, наяжджалі адзін на другога, варочалі вазы, разьбіваліся. Ва ўзьнятым пылу яны здаваліся ценямі, зданьню. Ці то знарок, ці зьнянацку, каля самага мястэчка, пры завароце адзін з сілкоўцаў наехаў на пісарскую брычку і павярнуў яе. Пісар ачуўся пад конскімі нагамі. У момант на гэтым месцы згрудзілася грамада вазьніц. Панесьліся нялюдзкія крыкі і лямант. Адказам былі беспарадкавыя стрэлы адкульсьці прыскакаўшых стражнікаў…

А пажар, як вадою, змываў хату за хатаю. Галавешкі, мэрам вогненыя птушкі, насіліся ў атручаным дымам паветры. Гудзеў, не змаўкаючы, звон…

Незаўважным крокам падасьпела ноч і паглынула разьюшаны дзень, яшчэ страшней зрабіўшы разгорнуты вобраз пажару…

Кончылася раніцою — тады, калі ў шалёным пудзе нячуваных падзей людзі выбіліся з моцы. З апушчанымі галовамі шукалі пагарэльцы сваё дабро; тыя-ж, у каго яно ўцалела, голасна дзякавалі невядомага ім абаронцу ў асобе выдуманага бога. Мірнымі тупалі змораныя коні стражнікаў…

Толькі наступным днём чарада мобілізаваных сілкоўцаў знарушыла жалобны супакой разьвітальнаю песьняю — «последний нынешний дене-очек-ек…»

Яны ішлі на вайну…

«Я табе кажу, братка мой, гэтакага пекла я ніколі яшчэ ня бачыў. Вось як мы сустрэлі вайну. У вас, пэўна, яно ўсё спакайней абышлося. Бывай здароў! Адпісвай хутчэй. Твой Сёмка».

Рыгор незаўважна выпусьціў з рук ліст і толькі рушыў з месца, калі сударга апусьціла яго стомленую руку.