Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/201

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Няўжо праўда?.. Сядзь каля мяне хоць на адзін квадранец… Мне так хочацца з табою ад душы пагутарыць…

Чамусьці Ганнаю завалодала нясьмеласьць. Нешта ня пускала плаўкай вымове слоў… Тая-ж сіла схіляла да долу яе затуманены ўзрок. Рыгор настаражыўся і, калі Ганна змоўкла, ён пахіліў яе стан да сябе.

— Я слухаю, Ганна… Кажы мне ўсё, што маеш сказаць… Я слухаю…

Павернуты да Рыгора яе твар выглядаў жывым, настойным пытаньнем; вочы пранізвалі яго нўтро — ня было абароны.

— Выслухаеш?

— Выслухаю.

— Дарагі мой, я ўжо здаўна і часта пытаю сябе… Няўжо мне суджана будзе зноў загубіць твой сьлед?.. Я баюся, што мне будзе ня справіцца з напорам жыцьця, калі ў адну хвіліну… Ты чуеш?.. Я табе не казала ніколі ні разу, а, тымчасам, твая істота, ты — неад’емная часьціна майго жыцьця… Цалюткі сёнешні дзень я мучылася думкамі — рашыцца, ці яшчэ чакаць. І вось прымай, як хочаш…

Гэтыя напружаныя, трапяткія сказы абдавалі Рыгора праменнай цеплатою. Яму рабілася ад гэтай цеплаты не па сабе, млосна — зусім нечакана ён сустрэўся з гэтым манэўрам Ганны. Калі толькі што яго думка кранула магчымасьці з ім спаткнуцца, то ўсё абыйшлося нясур’ёзна і павярхоўна; нават не зацікавіла яго, што-б і як адказаць, каб падасьпеў выпадак. Вострая рэакцыя ўнутры спаліла праявы ўсякага пачуцьця. А гэта, вось…

Бязмоўным пацалункам, зьмешчаным на Ганьнінай шчацэ, было не абмежавацца. Вачавідкі і зразумела — Рыгор сам адзнаваў, жадаючы пачуць Ганьніна слова. Ды яна маўчала — ні то задаволеная, ні то пакрыўджаная.

Яе ўзрок пранізваў промень, занесены з вуліцы ў акно. Сэрца-ж замірала пад шчыльна пакладзенаю на грудзі Рыгоравай рукою. Таемнасьць цішы разгортала таінства глыбокага прасякненьня любоўю двух блізкіх, палкіх, маладых сэрцаў.

— Запалі сьвятло!

Ганьніны словы сустрэў зацяжны гул сырэны, што нахабна ўварваўся ў пакой. Рыгор пакорліва выпаўніў Ганьніна ці то вяленьне, ці просьбу.

— Ну, я табе забыў пахваліцца, Ганна, — раптам ён успомніў пра вестку ад Пятруся.