Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

было заўважыць, што спэктакль меў за сабою пераважную большасьць.

Рыгор нейкі час слухаў моўчкі; прыглядаўся да кожнага, хто прымаў удзел у гутарцы, пасьля ўмяшаўся ў яе сам.

— А чаму, браце, ты думаеш, што гэта некія штукі? — абярнуўся ён да мешчанчука: — мне думаецца, што тут зусім ня так. Тут абвяшчаецца звычайны спэктакль на беларускай мове, і ўсяго.

Усе абярнуліся на Рыгора. Яго хоць бедны, усё-ж гарадзкі выгляд, яго цьвёрдасьць і рашучасьць у вымове ўнясьлі нечаканую струмень у спрэчкі. Стала ясьнейшай сама тэма, вакол якое ішла гутарка, і Рыгоравы словы гульліва разышліся па грамадзе. Многія падозрана паглядзелі адзін на другога, як быццам-бы правяраючы нагаворанае імі пры афішы. І тут-жа рыжавусы мужчына, шырока ўхмыльнуўшыся, спачувальна паківаў галавою. Другі-ж селянін, у шэрай суконнай жукетцы, з манчжурскаю шапкаю на галаве, многазначліва праказаў:

— Ні з чаго ня трэба сьмяяцца, каб на сябе не аглядацца.

Хутка за спэктаклем была амаль ня поўная спагада.

І як быццам-бы таму, што гэта спагада падышла ў пору, пасьля спрэчак, ды захапіла добрых паўтара дзесяткі чалавек, далей было лішнім стаяць перад абвесткаю. Усе разам зарухалі і хто куды — сталі разыходзіцца.

Рыгор не агледзеўся, калі астаўся адным, ня думаючы куды і што пайсьці. Ён падышоў да абвесткі, яшчэ раз прачытаў яе ад слова да слова і вярнуўся ў сялянскую гушчу, адкуль і прыйшоў.

Абвестка навеела яму розных думак і ўспамінаў. Пасьля бліскучых гарадзкіх тэатраў Рыгі, з іх шаломнаю ігрою, ад гэтае абвесткі веела нечым мізэрным, бедным і шэрым. Але побач з гэтым, як у абвестцы, так і ў яе зьмесьце хавалася шмат цікавага. Кожныя аматарскія спэктаклі, якія раней адбываліся ў Сілцох, часта пры яго ўдзеле, аднаўлялі яму мінулыя вобразы юнацкага задору і чыстых імкненьняў. Мястэчка і тэатр! Ласьне малое дзіва? Што і казаць — бударажыла людзей, паднімала на ногі маладога і старога, праганяла сон, застаўляла на момант забываць пра вечны цягучы ды ліпкі клопат… Вось-вось, паміж літар абвесткі выразна паўстаюць героі п’ес «На дне», «Яўрэі», спрытна загрыміраваныя кудзеляй, крэйдай ды сажай замест крамных муль. Сёмка, Волька, студэнт Эрдэль, Ляйнэрт ды ін-