Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рыгор ня мог не захапіцца настроем прадвесны. Ён мо’ выразьней усіх, каго бачыў перад вачыма, адчуваў яе калыханьне. Ён востра адчуваў сваю вольнасьць, яшчэ нядаўна скутую тоўстымі сьценамі астроту, і сваю сувязь з акаляючым жыцьцём, нядаўна адрэзаны ад яго. Ідучы, ён аглядаў нізкія, старыя, часта пахіленыя хаткі, расчыненыя двары. У дробных вокнах адбівалася сонца і здавалася Рыгору, што і ў гэтых хатках так-жа вольна, весела і незалежна, як і на дварэ.

Незаўважна, разам з цугам фурманак, Рыгор уліўся ў рыначны вадакрут і пайшоў да крам. Чаго і што — ён сябе ня пытаўся і не задумоўваўся. Ішоў, разглядаў у бакі, цікаваў.

Сяляне таўхаліся, церлі яго кажухамі і халатамі, перапынялі і путалі, але ён не злаваўся.

Каля крамнага раду яго зацікавіла грамадка людзей. Усе з местачковай цікавасьцю абгаварвалі прылепленую на сьцяне абвестку.

Рыгор прашыўся наперад і прачытаў таксама.

Абвестка паведамляла пра беларускі спэктакль, які меў давацца наезнай трупай аматараў пад загадам Лучынскага. — «Будзе пастаўлена «Сватаньне» і «Па рэвізыі».

«Сватаньне», «Па рэвізіі», «беларускі спэктакль» было навіною для тых, хто таўхаўся перад абвесткаю, углядаўся ў чорныя высокія яе літары, па некалькі разоў сьлібізуючы дзеканьне.

Нейкі мешчанчук, у жукетцы з блішчастымі гузікамі і ў шапцы з машастовым аколыхам, круглатвары і рэзвы, нездаволена матаў галавою ды пацьвіліваўся з вымовы. Казаў, азіраючыся вакола, як-бы шукаючы спагады.

— Бе-а-ла-арускі-ы, па-дду-ама-аеш! Ххі-ахха-а! Хха-ах!

Будзе-э-э! Сваттаньне-э!

Адным вокам ён хітра падмігіваў сваім суседзям і нецярпліва крывіў губы, мяняючы выраз твару ад неспагады іншых.

— А паглядзець, усё-ж такі, цікава, — не згаджаўся сярэдніх гадоў мужчына, у кажусе, рыжавусы.

Яго спакойлівы тон асадзіў кпітлівага мешчанчука, які раптам азірнуўся на свайго апонэнта і зрабіў зьдзіўленую міну.

— А пэўна, паглядзець цікава, — дадаў трэці з тых, што стаялі перад абвесткаю.

Памалу, слова за словам паднялася спрэчная гутарка. Яна зьбірала ўсё большую ды большую грамаду. Вачавідкі гутарка дзяліла людзей на два станы, нязгодныя між сабою. Але можна