Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/198

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

хавала ў сабе прыгожасьць людзкое перамогі над стыхіяй, акрыляла Рыгоравы думкі і надзеі. Яго захапіла хаценьне, каб гэта ды самому паспрабаваць абляцець адно кола ў чыстаце спакойнага паветра… У адчуваньні прадстаўленых перажыткаў пры палёце — ёкнула сэрца, а халадок ні то ўцехі, ні то пудлівасьці прайшоў па ўсім целе…

Хвілін праз дзесяць Рыгор наглядаў у палёце аэропляну пагрозную адзнаку завіхрыўшай вайны. Легенда пра Ікара ў яго раздумах атулілася жалобаю. Дзякуючы гэтай дзёрзкай людзкой вынаходцы, вайна скарачае шлях, якім вядзе сваё разбурэньне. Ці-ж можна ручаць, што з яго скрыдлаў не спадуць сьмертаносныя стрэлы?

Рыгор адхіліўся ад акна; разам з гэтым змоўкла гудзеньне аэропляну.


IV

ДОЎГАЯ ВУЗКАЯ ПАЛОСКА паперы была скрэмзана да адказу. Няроўныя радкі п’яных літар абкручвалі берагі палоскі, сплятаючыся ў Арыадніну нітку. Рыгор круціў паперу ва ўсе бакі, меркаваў, адкуль і куды накірованы канчаткі слоў.

«Ну, і напісаў-жа Сёмка», — пераказваў раз-по-разу.

Дачытаўшы да канца, Рыгор падняўся з крэсла і затупаў па пакоі. Зьмест Сёмкавага лісту завалодваў яго думкамі і настроямі.

Хутка Рыгор бачыў перад сабою жывыя малюнкі водгукаў вайны ў яго родным мястэчку. Вось па яго вузкіх пыльных вуліцах прашнуравалі стражніцкія разьезды; яны абвяшчалі пра мобілізацыю людзей і коняй. Адначасна сьцены рагавых хат увабраліся абвесткамі пра ваеннае становішча. Сілцы замерлі, мэрам-бы на іх дыхнула ліхое паветра. Нейкі час жыхары сядзелі, як замарожаныя, аглузьдзелыя. Назаўтра іх разбудзіла раскалыханая трывожнасьць. Паўсталі шэпты, гутарка; сьледам зьявіўся рух, гвалтоўны настрой, роспачныя аханьні, узрыды… Чарговым днём мястэчка апынулася каля Масткоў: тарахцелі вазы, курыўся пыл, вылі сабакі. На шырокай прагаліне, абкружанай сьцяною людзей і жывёлы, ішла мерка коняй. Трое чалавек, з якіх адзін быў вэтэрынар з Ліцку, другі — спраўнік адтуль-жа, трэці — валасны пісар, — машынальна аглядалі аднаго за другім несканчоны шэраг рознамасных, рознаросных коняй. Пісалі, прыстаў-