Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/193

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У зьвязку з апошнімі падзеямі і арыштамі сувязь з партыйным комітэтам на нейкі час была прыпынена.

Рыгору напрашваліся невясёлыя думкі, падкрадалася злосьць. Ён часта-густа кідаў кватэру і ехаў да Ганны. Там з ёю, адзін на адзін, ён дзяліўся думкамі, плянамі і надзеямі. Але гэтага Рыгору не хапала. З Ганнаю ён ня мог належным чынам абгаварыць пытаньне прыкрай сучаснасьні. Многае ёй было незразумелым, іншае прымалася не з належным спачуваньнем і цеплатою. Ганна болей спачувала Рыгору з прычыны яго незадаволенасьці і нэрвовасьці, чымся асуджала прычыны, якія гэта радзілі. Рыгор абураўся і лаяў Камара: «Вось гэткія, як Камар, многаму віною. Атрымаўшы капеечную падачку, яны гатовы аддаць за яе рабочыя інтарэсы. Замест таго, каб будзіць у рабочых пачуцьцё рэволюцыйнага настрою, яны разводзяць мяшчанскія антымоніі». Ганна супакойвала Рыгора, адыгрываючыся на ўвярэньні: «Пачакай — усё пераменіцца. Гэты самы Камар запяе зусім па-іншаму».

Рыгор не сумняваўся ні званьня, што «ўсё пераменіцца». Але яго брала нездавальненьне за маруднасьць процэсу пераменчывасьці. Перадваенная забастоўка ў Пецярбурзе, крута зьмененая халодным заспакаеньнем з часу абвяшчэньня вайны, балюча раніла Рыгорава сэрца. Вакольныя абставіны ціснулі яго жалезнымі абручамі, студзячы позывы, энэргію, захапленьне.

Рыгор вяртаўся да сябе і пачынаў шукаць падпоры ў тых проблісках непатухшых зьяў, якія іскрамі гарэлі ў рабочым асяродзьдзі. Ён разважаў: «Няхай сабе некаторая колькасьць рабочых паддалася камароўшчыне, усё-ж гэта хвароба ня здолела апанаваць рабочым станам». Рыгор быў пэвен, што таварышоў з яго настроямі можна знайсьці ў заводзе не адзін дзесятак. І зараз пасьля разгрому, пасьля арышту многія з іх спадцішку, асьцярожліва, тайком абмацваюць грунт, пашыраючы яго пад іншых. У адзін час яны зьявяцца магутнаю грамадою ваяк.

Рыгор на ўсе лады комбінаваў розныя пляны, якія-б выклікалі набліжэньне жаданага моманту. Хвілінамі яго апаноўваў задзёр, з выгляду эфэктоўны, па зьмесьце — рызыкоўны. Узважыўшы чыннасьць і яе скуткі, прыходзілася адмаўляцца ад зданьнёвых намераў. Часта жыцьцё не ўкладалася ў яго прагноз. Раптоўнасьць здарэньняў абганяла сьмеласьць намераў. З шэрагу іншых Рыгор ня мог ня вылучыць дадатным наступнага: