Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/194

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

наглядаючы за працаю цэху, майстар зьнячэўку папаў пад кавалак зломанага разца, які параніў яго ў голаў.

— Я прашу выбачэньня! — перапрасіў яго зьбянтэжаны рабочы.

— Я злачынцам не выбачаю! Ім у нас ня месца! Прашу зьявіцца за разьлікам! — абурыўся майстар і крута павярнуў ад рабочага.

Ён не пасьпеў ступіць і трох крокаў, як мусіў спыніцца. Роўная струна станкоў раптам стала і замерла. Сумная цішыня маланкай пранеслася па майстэрні і абяліла майстра бялізною спалоху… Скрозь туман ён убачыў перад сабою вострыя, як лёзы, хмурыя ўзрокі рабочых, якія нярухома глядзелі ў яго застыўшы твар. Рыгор пачынаў шэраг ад сьцяны і рашуча яго выгінаў, падаўшыся крыху наперад.

— Гэта яго сыгнал! — паказваючы на Рыгора шабляю, басам прагучэў палкоўнік інтэнданцтва, быўшы з майстрам.

Майстар ці ня ўчуў, ці збаяўся падтрымаць палкоўніка і ціхім умольным голасам праказаў у бок рабочых:

— Я прашу вас пусьціць станкі. За свае словы прашу ўбачэньня.

І, палажыўшы масьляную руку на раненае месца, ён блытанымі крокамі павярнуў у бок конторкі. Нездаволеным пайшоў за ім палкоўнік. Рабочыя пусьцілі станкі. Рыгор з незьмярымаю асалодаю прасачыў доўгі ланцуг пахіленых да станка таварышоў і сам апошнім глыбока з запоем усадзіў разец у пажоўклую сталь. «Нумар выдаўся на славу», — пацешыўся ён. «Рабочыя паказалі ўзор яднаньня, прыклад рашучасьці, дэмонстрацыю протэсту. Гэта значыць, што пад расьсьцеленым павучыньнем знадворнага спакою дзейнічае, калышыцца няўміручая сіла ўздыму. Успыхнуўшы, іскра запаліць полымя. Толькі ўмела яе разьдзьмухаць!»

Вечарам таго дня, выйшаўшы з заводу, Рыгор паехаў да Ганны, каб падзяліцца з ёю сьвежымі навінамі з жыцьця заводу.


III

РЫГОР ПРЫНЯЎ ад конторшчыка разьліковую кніжку і паглядзеў на выведзены заработак: першы тыдзень верасьня даваў яго новае падвышэньне. Рыгор зарабіў на дзесяць рублёў болей папярэдніх двух тыдняў. Гэта яго зьдзівіла і суцешыла.