Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/192

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

баўляліся на вырабе вытворчасьці для мірнага часу, перайшлі на выраб ваенных прылад. Гэткім чынам, вялізная армія людзей, колькасьцю ў сем тысяч, была занята падрыхтоўкаю сьмерці. Агромністы чатырохпавярховы трохкутны гмах абярнуўся ў дасканала організаваную кузьню людзкое згубы. У стройным сугучным наігрываньні соцень станкоў, у празрыстым бляску электрыкі гатовіліся дзень-ада-дня тысячамі штук адмысловыя бліскучыя трохцалёвыя і шасьціцалёвыя знарады. Каб праца болей спорылася, рабочых увялі ў цесныя рамкі вайсковае дысцыпліны і падвышанага заработку. Спакойна, бяз слова перакору, пад напружным узрокам адміністрацыі — трэ’ было пакорліва стаяць над разцом і рэзаць, рэзаць цьвёрдую сталь.

Узмоцненыя нагледачы, упаўнаважаныя сілаю і правам з боку вайсковае ўлады, зрабіліся грознымі падганяламі рабочых. Капіталістычны прыгон, зьвязаны з узброенай ваеншчынай, панаваў над рабочымі кварталамі сталіцы.

Нядаўнія здарэньні ацягнуліся дымкаю шэрасьці і стуліліся ў ціхіх куткох прыгнечанае памяці. Раніцой а восьмай, вечарам а шостай цягнуліся чорныя ланцугі рабочых з заводу і на завод. Густа набраныя балонкі газэт, ад чорнасотніцкага «Гражданина» да левага «Дня» — ні слова пра рабочае жыцьцё. Абцугі цэнзуры зырка сачылі за крамолай пісак.

Рыгор нейкі час знаходзіўся пад уражаньнем нутранога прыгнёту. Яго ашаломвала халодная ціша паказнога грамадзянскага замірэньня. Аднастайнасьць штодзённага тупаньня з заводу на кватэру і з кватэры на завод — надакучалі. Яшчэ цяжэй рабілася, калі ён варочаўся ў думках да Камара, Артура і ўспамінаў пра Пятруся. Рыгор чуў, як некаторыя з рабочых, асабліва з большых майстроў, толькі і гутарылі, што пра справы свайго асабістага будзённага жыцьця. Адзін хваліўся новым гарнітурам і палітом, другі — набыткам «абстаноўкі» ў кватэры, трэці — удала праведзеным часам з дзяўчынаю. У паветры насілася атрута дробных клопатаў мяшчанскага дабрабыту. І, як на бяду, лёгка і шчыльна прыліпала да адзінак рабочых пачуцьцё фальшывай надзеннай патрыотычнасьці.

Горай усяго, што не асталося жаднага месца, ніякай установы, дзе-б рабочы сумеў сустрэцца з таварышамі і ўсебакова азнаёміцца з бягучаю сапраўднасьцю. Культурна-прасьветныя таварыствы, бібліотэкі і клюбы поліцыя старанна прычыніла.