Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/191

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Драпежныя пачуцьці і крывасмагныя ўзрокі нязьменна накіроўваліся ў бок захаду. Назад, на цёмныя і брудныя ваколіцы гораду, на пусьцеючыя раўніны сялянскае краіны, — ніхто з моцных сьвету не азіраўся. Там, па-іхнаму, панаваў спакой, паслухмянасьць і пакора. Ды чаму-б таго ня быць, калі падкаваны абцас наступіў на горла мільёнаў працоўных і трымае іх пад сабою? Памкніся паварушыцца — раздавіць, зацісьне.

«Наперад перамога — а далей рэформы». Гэта мусяць узяць сабе на розум усе, хто дабрачынны і верны сын радзімы. «Жывыя сілы краіны павінны зьліцца ў адно цэлае і непераможнае». «Толькі тады настане сьветлы дзень, калі Расія выйдзе з цяжкага іспыту неаслабленай і не загубіўшай мінулай славы». Масьляныя сказы і калысныя ўгойданьні засмуродзілі паветра апойным дымам, згусьціўшыся над горадам…

Але першыя сутычкі на франтох расхалоджвалі завуаленую сапраўднасьць. Фронт казаў пра іншае. Калі ня кожная куля, то адна з дзесяці, з дваццаці несла з сабою сьмерць. Гэтых-жа дваццатых было так многа, што людзі гінулі адзін за адным, сотнямі і тысячамі. Падалі мёртвыя і падалі параненыя: ні «сьвятасьць» расійскага аружжа, ні «доблесьць» расійскае арміі, ні «блаславенствы» цара і бога — не абаранялі ад нямецкіх куль. І паступова, дзень за днём, тыдзень за тыднем усё галасьнейшым рабіўся енк параненых, зьвязаных з енкам разлучаных. Лазарэты і шпіталі вырасталі, як грыбы, перш паўнеўшыя клопатамі ды дбайнасьцю, а што далей — чарсьцьвейшыя, закіданыя.

З герояў і абаронцаў — раненыя рабіліся надазолаю, лішніцай. Той, хто на старонках газэт апяваў іхні адважныя ўчынкі, у трамваі злаваўся і мармытаў лаянкі, што яму недзе сесьці з-за абрубкаў людзкога мяса.

Сталіца не павінна стыкацца з праявамі вайны! Сталіца — бач яе палацы і віллы, Неўскі і Сергіеўская, мусяць быць злучанымі з вайною толькі прыказнымі кіўкамі пальцаў у белых рукавіцах.

Вайна-ж рабіла сваё.


II

ЗАВОД, на якім працаваў Рыгор, падпаў пад рубрыку працуючых на абарону. На працягу першага месяца ваеннае чыннасьці ён значна пашырыўся, лік рабочых амаль не падвоіўся — былі ўведзены дзьве поўных зьмены. Тыя з майстэрань, якія пра-