Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/190

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

завярцеліся опэрацыі банкаў, выбіліся наповерх новыя дзяльцы з нябывала драпежнымі апэтытамі, з цікаваю надзеннаю сьмякалкаю і пракуратасьцю. Вышэй падняла галаву шматлікая разбэшчаная помпадурская ваеншчына. Гандляры мясам, абуткам, збожжам і многім, што стае патрэбаю дня, пашыралі і без таго ўёмныя кішэні для лёгкага заработку. Нават дробнае чынавенства і тое пачула сябе лягчэй: недастача ў мужчынскай сіле падняла попыт на апошнюю, а сьледам — вырас заработак. Водлуг часовага разбуханьня матэрыяльнае забясьпекі, аформлялася і расло спэкулянцка-патрыотычнае, карысна-фальшывае пачуцьцё любві да «зьняважанай радзімы». Тупаючы па шырокіх тротуарах проспэктаў, падлічваючы даходы мінуўшага дня, нагароду і выйгрышы па акцыях — генэралы, купцы, фабрыканты, банкіры і іх паслугачы самаўсхвалялі пераможнае «воінства», трасьлі кулакамі па адрасе немцаў і праглі нясупыннага пашырэньня вайны. «Зараз-зараз прыдзе на падмогу французам Італія».

У тэатрах і кабарэ загулялі чучалы Вільгэльма і Франца-Язэпа. Адурманеная ваяцкай атрутаю, прадажная прэса пакрылася карыкатурамі, шаржамі, пародыямі і сатырамі на ўсё нямецкае. Вобраз немца падаваўся страшнейшым за ўсё на сьвеце. Расьлі, як на дажджы, надзеі на гасьціннасьць у Бэрліне, на захоп Дарданэл і вызваленьне Балькан. Але за надворнаю мыльнаю помпэзнасьцю ваяцкасьці чулася, таілася коўзкая няўпэўненасьць і нават баязьлівасьць. Ня чулася апоры пад нагамі.

Адсталасьць і бязмоцнасьць, якія пакрываліся барабанным боем прафільтраваных газэт, хавалі ў сабе пагрозу жаданай магутнасьці, звону цяжкіх жандаракіх шпор. «Доблесная гвардыя», накірававая на Кёнігсбэрг, «слаўныя» сібірскія стралкі, пушчаныя прасьцейшым шляхам, праз кут Польшчы, на Бэрлін, фортэцыі і дзьмутая адважнасьць командуючых арміямі, пастаўленыя на вайсковую ногу заводы — усё-ўсё гэта абміналася чаканьнем выступленьня Амэрыкі. «Толькі ўмяшаецца Амэрыка — і немцам да каляд капут». Ну, ці ўмяшаецца гэта залатая пані, далёкая ад фронту і ня столькі ўблытаная ў інтарэсы ваюючых краін? Будзе-ж умяшаецца, то на чыім баку?»

Амэрыка здрочыла радзімых ваяк-храбрацоў, інтрыгавала кожнага, хто зьвязваў з вайною тую ці іншую выгаду сабе. Новы сьвежы нумар газэты, вячэрнія навіны, чуткі з «аўторытэтных колаў» і проста бязгрунтоўныя плёткі — перагаворваліся, крытыкаваліся, надавалі новых надзей і глыбейшай веры.