Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ў вачавідкі асядалі, меншалі. Сярэдзінай вуліцы, забруджанай густым пластом гавяжага гною, вытыркалі лобікі каменьняў, ужо падсушаных сонцам. З поля падыхала прыемным, мяккім ветрыкам; мэрам-бы ён, гэты ветрык, быў разбаўлены тым подыхам зямлі, асалоджалым, вызвай, які выпускала яе рэдкія чорныя плямы. І цёмны лес, азалочаны сонцам, прыветна паглядаў на мястэчка.

Год назад тое самае: мінулая казка вясны калыхалася ў но­вым нараджэньні няўміраючай чароўнасьці. Гэта яе калыханьне выразна адчувала ўсё жывое. Слухалі буркаценьне вады крыклівыя, з пачырванелымі грабянямі куры, растрасаючы пружыністымі лапамі смуродлівы бруд. Прыслухоўваліся да подыху ветру выпушчаныя з хлявоў каровы і авечкі; рыкалі і мэкалі ўбок поля, убок лесу, настрэчу пачарнелых прастораў.

Доўгая чарада фурманак выцінала калёсамі па бруку ды па рэштцы лёду аднатонныя гукі. Рагаталі рэзвыя канякі, забруджаныя ў дарозе, з палахмачанаю шэрсьцю. У жоўтых, пахучых дубнякох, кажухох, у драп’ястых хустках, пілявыя, гаваркія, варушыліся ў саломе на вазох сяляне, сялянкі. Кожную фурманку лавілі пяць-шэсьць пакупшчыкаў мяшчан; яны перапынялі каня, накідаліся на воз і мацалі рукамі прыхаваныя мяшкі, кошыкі, кублікі. Раз-ад-разу зграмаджалася ў кучу некалькі фурманак, і сярод вуліцы адчыняўся кірмаш, з крыкамі, лаянкаю і, урэшце — з гандлёвымі акцыямі…

На голых падгалістых дрэвах, што старажылі амаль ня кож­ную хату, сакатала вараньнё. Ужо яно будавала гнёзды, вяло вясновую варкатню…

На хібох стрэх, на вешалах над стрэхамі хат — варкаталі галубы. З двара ў двор, у марцавым пудзе, ганяліся каты, пішчучы, як ашалелыя.

Каля хат, пры вярэях, стаялі мяшчане, акідаючы дбайнымі ўзрокамі гародчыкі.

Уся гэта шумлівая, рухавая, трапяткая суматоха выглядала нейкай прыемнай, забыўнай, п’янай бяседаю. Кожнае жывое стварэньне, чалавек і жывёла, смагна пілі з аднаго каўша малады сок жыцьцёвай прагі. Гэта прага п’яніла, гайдала, варушыла драбнейшыя сустаўчыкі кожнай постаці, прыдаючы ёй задзёр, варухлівасьць, імпэт. У зьлітнай радасьці, якую нясла з сабою вясна, выглядала векавечнае хараство, бурлівы вір нястухаючага бытаваньня, незапляменае вялічча няўміручага сусьвету.