Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/187

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Над біламі мосту, на адгоне перш двух сажняў, а вачавідкі ўсё болей ды болей — адтрапетвалі два капялюшы таварыскае разьвітаньне.

Для Рыгора яно хутка затулілася шэрым змрокам пецярбурскае ночы, якая зьнянацку высунула гэта цікавае спатканьне.

Сроль, як гном, цудам паўстаўшы перад вачыма, цудам і зьнік — толькі мігнуў яскравым вобразам у дынамічнай завірусе прабягаючых зьяў ды ценяў.

Напаўказачным паказаўся ён тым болей, што само тлумачэньне прычыны яго наезду ў Пецярбург асталося загадковым.

У чым справа?

Сроль напіша?

«Калі ўсё добра будзе».

Што-б гэта азначала?

Стаючы сьпіною да Вялікае Неўкі, да руплівага мігаценьня фабрычных агнёў, да раптам узьніклых зыкаў гармоніку з праплываўшае пад мостам лодкі, Рыгор угледзеў наперадзе густую купу людзей. Яна заліла сабою шырыню мосту і запоўніла паветра гаманлівым шоламам.

Як іскры з агню, з шоламу выскаквалі вострыя зычлівыя выгукі, мэрам пікі, насаджаныя на ўзьнятыя ўгору дрэўкі.

Ён прыгледзеўся: у асяродку грамады, акружаныя густою загарадзьдзю гарадавікоў, ішлі да дзесятка добра адзетыя, з цыгарамі ў губах, людзей.

Рыгор пераняў здаравеннага барадатага дзядзьку, чый твар плаваў у тлустай ухмылцы, а вочы ўпарта глядзелі наўкос, і запытаў:

— Каго гэта вядуць?

— Тэўтонаў! Шпегі! Вво-а і-ім-ым!

Здаравенны дзядзька затрос над галовамі дзьвюх жанчын тоўстым прыкасмачаным кулаком.

— Вот ім баронства! Аплялі, як павукі, сталіцу… Т-тудды-і.

— Куды? — пацікавіўся Рыгор.

— У «Красты», пакуль на шыбеніцу.

— Вы да іх маеце справу?

Здаравенны дзядзька мэфістофэльскі паглядзеў на Рыгора і злорадна адпавеў:

— А ты ня маеш?