Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/188

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яго нахабная рука накіравала да Рыгоравых грудзей, але папхнуты заднімі, здаравенны дзядзька капыльнуў галавою і строма апусьціў руку да нізу.

Праз хвіліну ён зьнік з Рыгоравага ваччу, расплыўшыся ў ценю захілу вуліцы.

На прымоўклы гоман аддаленай грамады мчалася хваля новых зыкаў і грукату звычайнага руху.

Адзін за другім, даўгім шэрагам прабегла да дзесяці трамвайных вагонаў, аплеценых цягучым боем званкоў.

Сьледам на мост узьехала першая падвода вярстовага ланцугу грузавікоў з мукою, жалезам, бочкамі.

Калі мост закалыхаўся ад грукату цяжкіх калёс, пераплеценага дэвэнгам біцюговых падкоў — над Малою Нявою ўзьнёсься прарэзьлівы сьпеў некалькіх фабрычных сырэн.

Уздоўж цёмнае, азоранае агнямі вады, паўз зьлітыя са змрокам парканы фабрык і заводаў, туды — дзе канчаюцца стромкія дзеравяныя будынкі ваколіц — бегла шпаркая струмень перапоўненых зыкаў.

Над дрэвамі выспаў, у згушчанай цемры неасьветленых мясьцін, яны драбіліся на часткі, як фэйервэркі і рассыпаліся ва ўсе канцы пераліўнаю мэлёдыяй.

Гэта дапамінала баявую пераклічку, ці позву на рэволюцыйную трывогу.

Або паказвала распаданьне на зьвяны жалезных ланцугоў, што скоўвалі людзкую свабоду.

Або сымбалізавала перабой малатоў у вызваленых руках творчага колектыву.

Цэлы пук узьнёсных сымбаляў атуліў Рыгораву істоту, як празрыстым зьзяньнем сонца.

І ён урачыста, як волат, перад якім ляжалі трофэі яго перамогі, глядзеў у чорны струмень выходзіўшых з прадпрыемстваў рабочых.

У іх рэзвым гомане, у цьвёрдай ды ўверанай хадзе наглядалася сіла і воля, і лёс блізкага наступнага.

Захоплены радаснымі думкамі, Рыгор крануў з месца і пайшоў на стрэчу гаманлівай грамадзе — сёньня нявольнікаў капіталу, а заўтра — гаспадароў жыцьця.