Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/186

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Здаецца, знаёмы?

Зьніклы шолам пешаходаў, ездакоў і грукат трамваю, як з адкрытага віру, абдаў Рыгора з усіх бакоў.

Ззаду і з бакоў кіпела жыцьцё ў сваім нясьціханым руху, у нямоўчным гомане. З-пад гарбатага мосту даляталі яго выгукі да Рыгоравых вушэй і ўпадвойвалі жывую песьню існаваньня.

— Я! А вы?..

Ён не дасказаў. Знаёмы выраз чорных воч паласкаў яго пільныя ўзрокі. Стройны клясычны нос дапамінаў…

— Сроль, калі не абмыляюся?

— Здароў, Рыгор! Угледзеў здалёк і перш усумніўся, а даля — давай, думаю, праверу і — на табе! — Чаго ты стаіш над біламі мосту?

— Ты даўно ў Пецярбурзе? Кожны дзень я стыкаюся з нечаканасьцямі… Ня ўпэўнены, што ў адзін момант…

— Дзе-ж тая ўпэўненасьць!.. А я еду якраз назад у Вільню. Была справа прыехаць і так, ведаеш, ня хочацца ад’яжджаць, а мушу…

— Пачакай — дай адумацца… Чым цябе цягне Вільня?

— Мы павінны…

Набліжаныя да Рыгоравага вуха трапяткія вусны Сроля перадалі сакрэтную вестку з жыцьця соцыял-дэмократычнае партыі, але не пасьпелі поўнасьцю растлумачыць прычын. Сроля, нечакана для Рыгора, пазваў чакаўшы яго мужчына.

— Бывай!

— Так раптоўна?

— Мушу. Не аднаго справа…

— Пішы!

Сроль не пасьпеў адказаць, як Рыгор падаў яму мігам занатаваны свой адрас.

— Калі ўсё добра будзе, абавязкова напішу, а можа і прыеду…

Той, хто трымаў Сроля за руку, паглядзеў на гадзіньнік і падаў знак хутчэй сьпяшыць.

— Ці мне здалося, ці сапраўды я стрэў учора Карла Людвіга Шульца?

— Магчыма…

— Асталося меней гадзіны! — няўмольна прагучэў басісты голас Сролевага таварыша.

Працягнутая Сролем рука ўжо не дастала Рыгоравай.