Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/184

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Густая загарадзь высокіх закураных дымам комінаў.

Над будынкамі — чорная хмара сажы. З сажы выглядаюць буйныя белыя ды чорныя літары назваў заводаў і фабрык.

«Кеніг».

«Пракатны».

«Парвіайнен».

«Стары Лесьнэр».

«Новы Лесьнэр».

«Ніткавая мануфактура».

«Эрыксон».

«Ландрын».

«Суконная фабрыка Торнтон».

Нясьціханая мэталёвая гама стукаў спрэснаю палосаю вісьне над спакойліваю вадою рэчкі. Яна глушыць пялесканьне дробных хвалек у абложаныя падгнілым тынам берагі. У разгойданым процэсе творчасьці, прыгоннай і вызысковай, расплываецца, як воск, ца кішэнях прадпрыемцаў благааплачаная рабочая сіла.

Вайна ўзмоцніла вызыск працоўных, і зьменшыла да нічога і без таго правы рабочага стану.

У бразгу жалеза — звон генэральскіх шпор, у стуку малатоў — поступ абманеных салдат.

А побач — як жывыя — выплываюць празрыстыя здарэньні апошняй забастоўкі.

Узьбярэжная маўчыць. Ні струменю пякучае пары, ні шумлівага гоману бязьлікіх ламавікоў, ні рытмічных, напеўных выгукаў каталяў.

Затушанымі стаяць высокія коміны, як сьведкі заміраньня.

За ўпыленымі, закратаванымі вокнамі пануе спакой, як у пустках.

Жыцьцё кіпіць на незьмярымым Сампсоніеўскім, у вузкіх, ператочных вуліцах раёну.

Песьні, дэмонстрацыйныя выгукі, хваляваньне густога натоўпу рабочага колектыву звоніць у запертыя дзьверы фабрык і заводаў пагрозным вяшчаньнем.

Туды, да зелені Ботанічнага саду і ўпрыгожаных расьлінамі востравоў, нясуцца рэволюцыйныя напевы ўрачыстага паўстаньня.

Настарожаныя гулякі трывожна азіраюцца на бязьдзейныя гмахі закінутых прадпрыемстваў, пугліва верцячы галовамі.

Над Вялікаю Неўкаю лунае ачулая здань незавіднага наступнага. Нацягнуты каўпак вайны ня суліць доўгавечнай зарукі.