Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/183

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Табе далёка? — папытаўся Рыгор.

— На Пецярбурскую… але я мушу зайсьці да знаёмага на Лігаўцы. А ты дзе жывеш?

— У Лясным.

Пры выйсьці на Лігаўку яны стрэлі грамаду мобілізаваных. Яшчэ непераадзетыя ў вайсковую форму, мобілізаваныя ўжо адмервалі ўзмоцненымі ўступамі прыназначаную маршыроўку. Разьмераныя воклічы унтараў і яфрэйтараў раўнялі несашчыльненыя шэрагі адвыклых ад ваеншчыны рабочых, сялян, служачых.

— «Аць, аць! Аць-два, аць-два! аць-два-тры!» — перапевам няслося пад рытмічным гукам крокаў.

— Машына працуе! — заўважыў Якаў Гіс, спыніўшыся і абярнуўшыся да мобілізаваных.

— Яшчэ як! Дзе не паглядзі — толькі і бачыш муштроўку. Вайна!

— Вайна… каб ды яна апошняя стала…

Якава Гіса перабіў раптоўны гоман расстроеных радоў мобілізаваных.

У іх была апраўка.

— Ну, я направа! — рушыўшы, праказаў Якаў Гіс.

— А мне проста. Заходзь!

— Абавязкова. Хоць успомнім рыскае мінулае.

— Таба-то і то.

Яны разьвіталіся і хутка зьніклі з ваччу адзін другога.


X

КАЛІ СТАЦЬ НА ДВАРАНСКІМ МОСЬЦЕ і кінуць узрокам усьцяж Малое Нявы, туды да выспаў — угледзіш вобраз, з якага не надзівіцца. Зьлева — пасьля некалькіх кварталаў будынкаў, густая расьліннасьць Ботанічнага саду, далей Аптэкарскага востраву, як мошаставая сукня, падпяразаная цёмна-сінім шоўкам Неўскае вады. Аб’інталяжаная расьлінамі — здалёк, як Амазонка ў джунглях, Малая Нява губіцца ў купчастай зелені пышных расьлін вастравоў.

Гэта для адпачынку.

Насупроць — праца.

Доўгім правым берагам Вялікае Неўкі — спрэс заводы і фабрыкі.

Траскатня жалеза, бразак, гудзеньне машын.