Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/180

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Млосьць, перамешаная з утомаю, плюшчыла Рыгоравы вочы і гультайна падняла руку на затушку сьвятла.

Лёгкая шэрань, аднак, ня згладзіла шурпатасьці неўгамонлівых думак.

Асобнымі сказамі, вырыўнымі словамі пралазілі яны праз нацягнутую на галаву коўдру, праз шчымеўшую галаву і бегалі па зьвілінах мозгу.

Перад заплюшчанымі вачмі камарамі скакалі характарныя літары старэнна напісанага адрасу…

Душная падушка і мулкі сяньнік патваралі гэтаму.

І толькі настойная незварушлівасьць Рыгора пасобіла агарнуць яго цягучаю зморай.

Ужо над Выбарскай стараною перагуквалівя гукі ды сырэны, калі Рыгор абудзіўся. Ложак прыцягваў яго да пасьцелі, утома зьвязвала здранцьвелыя суставы, але ён перамог ўсё гэта і з рэдкаю ўвішнасьцю быў на парозе да выйсьця з кватэры.

— Рыгор Міхасевіч! — пераняла яго гаспадыня. — Ці то ня вы забыліся прышчапіць дзьверы?

— Калі і якія?

— Я сёньня зранку паглядзела — і яны без запору. Мяне перастрашыла гэта і я…

— Я зашчапіў…

— Няўжо то я?

Гаспадыня падняла абодва плячукі і схіліла ўцягнутую ў іх голаў.

Рыгоравы частыя крокі расьсейвалі яе робленае ліцамер’е.

— Не сазнаецца! — уголас праказала Сарафіна Хлёраўна, калі Рыгор выходзіў на двор.

Яе ўпік астаўся па-за хлопнуўшымі дзьвярыма.

На вуліцы аколілі Рыгора рознастайныя гукі гарадзкое раніцы.

Распялешчанае жыцьцё адбівала трапяткую, рупную музыку руху, праводзячы Рыгора да заводу.

На адгоне паўганоў адрыўны прарэзьлівы сьвіст сырэны рвануў яго да паскоранай хады, і ў пяць хвілін асталіся пазадзе: клапатлівая чарада гаспадынь, дымлівы паравік і прысеўшы на лаўцы стораж.

Праз драцяную сетку зашчэпленае нумарное дошкі відаць было калыханьне Рыгоравага нумарку, як напасьледак падвешанага — але яго ўладар у гэты час пускаў станок разам з іншымі.