Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/179

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вымагае таго. Вайна — гэта найудзячнейшая тэма, толькі дваякавострая. Трэба брацца так, каб незаўчэсьне парэзаць рукі…

Ліст не дазваляе даўжэй спыняцца на гэтым пытаньні, бо мне цяжка судзіць пра вашу сытуацыю… Было-б вельмі пажадана мець ад цябе вестку і тады можна было-б пагутарыць на гэту тэму даўжэй… Усё-ж скажу, што тут, у Пецярбурзе, вайна балюча адбілася на настроі рабочых. Выбухнуўшая ў час прыезду Пуанкарэ забастоўка, была расьціснута жалезнымі клешчамі разьюшанай ваеншчыны.

Усё-ж рэволюцыйны настрой ня зьнішчаны, не. Ён часова прыціх, прытуліўся па куткох мілітарызаваных фабрык ды заводаў, у цесных каморках рабочых кватэр… Магчыма, нейкі час вайна змывацьме крывёю працоўных маладыя парасткі рэволюцыйнага нездаваленьня, але… але стукне час і… адным напорам раскалыханай хвалі змыецца векавая няволя…

Я пішу, а ці прачытаеш ты мой ліст? Кожны дзень нам нясе нечаканасьці. Можа цябе ў Смагіне ўжо няма, і мае словы трапяць на вушы чужым людзям… Не напісаць-жа я ня мог… Я мусіў гэта зрабіць, каб хоць некалькі апраўдацца перад табою. Няўжо мы ня стрэнемся яшчэ? Не павінна таго быць. Бывае, што раптам, зьнянацку, прымхаю. Я гэта, у Пецярбурзе, ужо меў рад прыкладаў…

Моцна цісну руку. Перапрашаю за непавінную зману і чакаю адказу.

Пішы на адрас: Пецярбург, галоўны пачтамт.

Да ўстрабаваньня Н. Г.»

Перачытаўшы напісанае, Рыгор астаўся ня зусім здаволеным. Ліст не зьмяшчаў у сабе паўнаты перачуваньняў, не выдаваўся выпукласьцю думак і каструбаціўся вострымі адкрытасьцямі. Бясспрэчна — у нутры наглядалася іншая карціна і думкі адыгрывалі крыху інакшую мэлёдыю. Але трэба было лічыцца з тым, што ліст можа трапіць у чужыя рукі.

Рыгор не супярэчыў паўстаўшаму сумненьню: толькі ўжо ня мог перапісваць.

Згорнуты надвае, ліст уверана адправіўся ў конвэрт, і сінім чатырохкутнікам лёг на відкім месцы стала.

Крохкі золак украдкаю пралазіў у акно Рыгоравага пакою, калі гаспадар укладаўся спаць.

Электрычнасьць плавала малочнаю юшкаю па ўтулах павыразьнеўшых рубаў ды ліній.