Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Добры дзень! — прывіталася яна, паглядзеўшы на Ры­гора: — выбачайце, што мама так доўга замарудзіла з гарбатаю… Яна ў нас ахвотніца гаварыць, — перапрасіла дзяўчына, гасьцінна ўсьміхнуўшыся Рыгору.

— Нічога, пасьпею выпіць, — адказаў ён, аглядзеўшы дзяўчыну: — я таксама люблю гутарку, — дадаў.

Але гэта было да слова. Дзяўчына-ж, пэўна, зразумела Рыгораў сказ іначай, бо, падаўшы гарбату, назнарок замарудзіла з выйсьцем: яна перш атрапала настольнік, пасьля паправіла крэслы, пераставіўшы іх з месца на месца, далей стала ўсьцілаць ложак.

— Вось, асталося толькі падмясьці і ўсё ў парадку.

— Дзякую!

Дзяўчына ўсьміхнулася.

— Ах, я і забыла, можа вам падаць малака? — схапілася яна.

— Не, досыць і гарбаты… Хіба ў абедзе…

— А вы калі прыдзеце абедаць?

— Гадзін праз дзьве, думаю… Ды яно для мяне ўсёроўна…

— У нас абед калі хоць… Будзьце ласкавы…

Рыгор ізноў падзякаваў маладой гаспадыні.

Тая завярцелася, як белка, плаўка ды лёгка, і з ціхім на­певам вышмыгнула з каморкі.

Рыгор правёў яе ўзрокам і падняўся з крэсла.

У шклянцы на стале асталася недапітая гарбата, а на талерцы — лустачка намазанае маслам булкі.

Ужо сонца пакінула пакой. Толькі адна сьцяна мылася яго адсьветам.

У карчме пабольшваўся гоман. Разварушаныя думкі астудзілі жаданьне хутчэй выйсьці ў мястэчка, і Рыгор яшчэ на нейкі час астаўся ў пакоі.


III

БЫЛО А ДВАНАЦЦАТАЙ ГАДЗІНЕ ДНЯ, калі Рыгор пакінуў свой пакой. Перарваўшы думкі, ён выйшаў з карчмы і пайшоў усьцяж вуліцы, напрамкам да рынку.

Сьвяціла сонца, не атуманенае, зыркае і прамяністае. Дыхала блізкаю вясною. Па бакох вуліцы, рундучкамі, шпарка бурлілі джаролы. Гнядая каламутная вада радасна балбатала аб вясьне. Бурыя, наздратыя кучкі зацалелага сьнегу падмываліся вадою і