Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/173

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вую злосьць і разганяла адваротнае ўражаньне ад Камаровай гутаркі.

Ён уподбежкі спускаўся ўніз, пакінуўшы Ганну ззаду на цэлы пралёт.

— Чакай, Рыгор!

Стук крокаў заглушыў яе перайманьне, і Ганна нагнала Рыгора ў дзьвярах.

— Ты дэмонстрацыйна выйшаў з кватэры! Ці варта было гэта рабіць?

— Ня мог, паверыш. Ня мог! Калі я слухаў Міхасёвы развагі, яны мне дапаміналі гідкія выгукі патрыотычных маніфэстацый…

— Чакай…

З процілежных дзьвярэй выйшаў захутаны ў шубу кароценькі, квадратовы чалавек.

— Вы выходзіце? — запытаў ён пісклівым жаночым голасам.

— А ласьне ўжо запёрты вароты?

— Нельга, бачыце, іначай… Я прабаваў пакідаць незапёртымі да першае гадзіны — дык — што вы думаеце? — бяды набраўся. На адным тыдні тры кватэры абабралі. А-і-ы-эй! Колькі разьвялося жульля — ня дай ты рады! Людзі надзвычай распусьціліся. Ні табе закону, ні табе боязьні… Зломысьніцтва вакола: ідзе, хай-бы цішком прайшоў, дык не: стукае ў дзьверы, а то паб’е ліхтар. Ці-ж гэта па-людзку?.. Наш раён асабліва распусны. Тут з цябе сярод дня зьдзяруць паліто, ці вымуць паралез… А поліцыі — з агнём ня знойдзеш — баіцца таксама…

Дворнік знарок марудзіў, бразгаючы ключом у замку і бобам сыплячы недарэчнымі сказамі. Ганьне не сьцярпелася, і яна падагнала яго, хапіўшы за замок.

— Я зараз, барышня, зараз… Нешта зацяе ключ, — схлусіў дворнік, і дарэчы паскардзіўся: — Да таго скнары, што і замка людзкога ня купяць… Пэўна спадзяюцца на дворніка. За дваццаць рублёў у месяц гатовы рамонту патрабаваць за мой кошт…

— І у вас больш ніякага даходу? — пацікавілася Ганна.

— Ат… часамі трапіцца добры чалавек і перакіне саракоўку якую, ды ці-ж гэта лічыць… дапамогай? Дом, куды добрыя людзі баяцца зайсьці…

Апошні сказ зьбянтэжыў самога дворніка.