Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/172

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

разьвіцьця грамады, ці то пахіл у бок дробнабуржуазнага сьветаадчуваньня — адно з двух збочыла іх з правільнага шляху. І гэта — была бяда. Гэта дало магчымасьць на нейкі час затармазіць рост рабочага нездавальненьня вайною. «Урад пастараецца выкарыстаць гэткіх Камароў для сваіх інтарэсаў»…

— Ганна, а ці нам не пара пайсьці? — запытаў Рыгор сярод настарожанай маўчанкі.

— Так, вам усёроўна ня вырашыць сёньня закранутага пытаньня. А часу, во — каля дванаццатае.

Яна паднялася і падбегла да акна.

— А табе-ж ехаць блізкі сьвет!

— Пасьпееце, чакайце-э, хоць вып’ем гарбаты, — пераняў Камар. — Арына, што-ж у цябе гэтак марудна? — прагукаў ён у дзьверы.

У дзьвярах паказалася Камарова жонка.

— Я даўно гатова, ды ўсё вас чакаю. Калі ласка, нават падагравала ўжо самавар. Ці-ж вас дазавешся? Быццам які клюб, або што… Га-га-га! Ту-ту-ту… Ідзеце-ж…

Гаспадыня заківала галавою і пайшла ў суседні пакой. Камар гасьцінна паказаў рукою ўсьлед жонкі, запрашаючы гасьцей.

Артур першым накіраваў за гаспадыняй.

— Ідзі-ы, ідзі-ы, Рыгор! Гарачая гарбата любіць гарачых людзей… Бачу, усё-ж я, што ты ні каліва не зьмяніўся за гэты час… Як прысак — так вось і пышаш, і пышаш… Скажу, ведаеш, — Камар патрапаў Рыгора па плячы: — па-старому, магчыма ў наш час патрэбны і падобныя табе людзі. Ну, а я — я ўжо закарчэў на сваіх поглядах і болей ні з месца.

Рыгор нічога не адказаў. За сталом ён таксама маўчаў, несхаця п’ючы нясмачную яму гарбату. У яго нутры ўзрастала палкае хаценьне мігам перанесьціся ў іншыя ўмовы, напаткаць іншых, блізкіх сабе па настроі людзей і компэнсаваць гутаркаю з імі пачутае ад Камара. У гэтым настроі Рыгор пасьпеў усяго дапіць шклянку гарбаты, пасьля чаго рашуча і настойна дамогся пакінуць застольле і пайсьці з Ганнаю ад Камара.


VIII

ТОЛЬКІ СТУКНУЛІ зачыненыя дзьверы, як Рыгор адчуў заўважную перамену ў настроі. Мэрам-бы ён скінуў з сябе нешта ліпкае і агіднае. Нават прытухлае паветра сходаў студзіла кіплі-