Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/170

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

стацца… Калі, вось, цябе, Рыгор, заарыштавалі, я проста занудзеўся… Хоць мы і разыходзіліся ў поглядах, аднак — то ў дробезях, а мэты нашы — роўныя… Няпраўда, мо’?

Рыгор ухмыльнуўся і гэтым заставіў Артура з Ганнаю павярнуцца да сябе, а Камара — настаражыцца.

— Ня згодзен? — запытаў Камар.

— Згодзен, але ня цалкам… Я прыпамінаю нашу сходку і вашу асьцярожлівасьць наконт забастоўкі, памятаеце? — адказаў Рыгор.

— Тады ты быў ня праў — здарэньні паказалі. Няхай, вось, Артур скажа.

— Гэта з якога боку судзіць, — падаў той.

— З усіх бакоў, таварышы…

Камар прайшоўся па пакоі, азадачаны Артуравым адказам.

— Ня з усіх хлопцы; дарэмна вы ўпіраецеся… Палезьлі-б напралом — было-б крыві па калені…

— Бяз гэтага не абыйсьціся… Болей крыві не пральлеш, чым яе вымагае вайна. А, між тым…

Камар задумаўся і некалькі памаўчаў.

— Часамі патрэбна і вайна, — уверана праказаў ён.

— Каму? — перанялі яго ў адзін голас Рыгор з Артурам.

— Ды хоць-бы нам, рабочым… Хто не глядзіць у сутнасьць рэчаў, той гэтага не разумее… Нямеччына з даўных імкнецца закабаліць Расію і гэтаму трэба зрабіць канец… Вайна апраўдваецца гістарычным і соцыяльным разьвіцьцём нашае краіны…

— Нават так?..

У Рыгоравым голасе задрыжэлі ноткі абурэньня. Ён моцна сьціснуў кулакі, пусьціў злосную міну па твары і падняўся з месца. Бачачы гэта, Ганна настарожліва сачыла за яго паваротамі.

Відаць было, што Камарова гутарка хапіла Рыгора за жывое.

— Дык вы па сьлядох нямецкіх соцыял-дэмократаў? І магчыма разам з іншымі маніфэставалі за вайну?

Вострасьць гэтых пытаньняў, рубам пастаўленых Камару, Рыгор ня лічыў надмернымі і недачаснымі і вызоўна чакаў на іх адказу.

— А, думаеш, нямецкія соцыял-дэмократы ня правы? Што-ж, браце, па-твойму, для рабочага не павінна быць дарагою яго радзіма? Яны ня кайзэра бароняць, а заваяваныя імі вольнасьці… Перамажы расійскае самадзяржаўе — тады ланцугі няволі патаў-