Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/168

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

часам — навярнулася сходка і затрымала… Тады адклаў на сёньня…

— А я, паверыш, трывожылася за цябе… Колькі розных думак перабрала… Усё-ж, па-мойму, ты неасьцярожліва трымаў сябе ў тэатры… Ці-ж гэтым згрозіш каму…

— Згрозіш… Ха-ха-ха! Няхай паслухалі… Задумаецца, каму трэба…

Ад пункту стрэчы на рагу Вазьнясенскага, яны прайшлі да Пад’ячаскай і завярнулі налева.

На вуліцы было ціха і цемнавата. То насустрач ім, то абганяючы іх, хадзіла шмат пешаходаў, болей жанчын. Зрэдку чуліся гучныя пярэклікі, лаянкі і піскі.

— Тут шмат жульля і…

Ганна ўскорыла хаду.

— Ты сьпяшаеш, каб не спазьніцца? Яшчэ-ж дзевятая толькі. Напэўна-ж Камаровы чакаюць? — праказаў Рыгор.

— А ласьне яны ведаюць, што мы зойдам сёньня?

— Ня ведаюць? А я-ж думаў…

Яны ачуліся на Нікольскай. Якраз прабег трамвай і ажывіў сваім гукам маўчлівы квартал. З-пад перакіднога мосьціка праз Фантанку глядзела некалькі сіняватых газавых ліхтароў.

Ганна, падняўшы галаву ўгору, прыглядалася ў вокны будынкаў. Яе хада зацішала. Рыгор патвараў.

— Вось, глядзі, на чацьвертым паверсе пара асьветленых вокан? Гэта якраз Камарова кватэра. Пераходзім на правы бок…

— А ці варт сёньня ісьці да іх?

— Ну, ты-ж ехаў знарок…

Хутка яны апынуліся ў дзьвярах. Ганна першаю пайшла па ўсходах. Рыгор адставаў. Да чацьвертага паверху ён адстаў на два пралёты і нагнаў Ганну, калі перад ёю ўжо былі адчыненыя дзьверы ў кватэру Камара.

— Нешта цяжка мне даюцца вашы паверхі, — праказаў Рыгор у цёмны калідор кватэры.

— А як-жа я — кожны дзень па некалькі разоў, — адказала Ганна.

— О то-ж і тое… — дадала жаночая асоба, стоячы ў ценю за дзьвярыма.

— Мой Міхась штораз, калі ўзыйдзе наверх, праклінае і ўсходы, і дом, і людзей, якія яго будавалі… Чамусьці ня любіць, ды годзі… Па мне-ж, хоць-бы што…