Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/167

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На іх хлынуў гулкі, порсткі натоўп гледачоў і панёс з сабою напрамкам да ўходу ў глядзельную залю.

Яны не пасьпелі знайсьці месца, як агні пагасьлі і ў глыбіню агромністага прастору будынку прагудзела:

— Марсэльезу-у-у! Марсэлье-зу-у-у!

Адзіны гук хутка зьліўся з цэлаю гамаю настойных вымагальных крыкаў да оркестру, каб той прайграў марсэльезу, як рэволюцыйную песьню. Крыкі верхняга ярусу запоўніліся рэдкімі выгукамі ў розных канцох тэатру.

У адказ на іх — оркестр дэмонстрацыйна зайграў «Божа, цара храні». Пранёсься беглы шорах па ўсёй залі і партэр, амфітэатр ды першы ярус — падняліся, як адзін. Выбухнула маніфэстацыя за вайну, подых якое з прыходам у тэатр абдаў Рыгора гідотай.

Як стаяў, ён увесь закалаціўся ў пазыве абурэньня і на ўсю сілу гукнуў: «Далоў вайну-ю!». Яго выгук востра ўрэзаўся ў звонкі оркестр.

Ганна нэрвова тузнула Рыгора за крысо жукеткі і ўдала засланіла сабою з боку насупліва глянуўшага ў яго бок таўсьцяка.

З пярэдніх месц азірнуліся ў іх бок каля дзесятку чалавек; іх вочы гарэлі жывёльнаю злосьцю.

Рыгор незаўважана, паўз сьцену прайшоў да выйсьця ў фойе і да канца іграньня гімну ачуўся на трэцім ярусе.

Ён ужо праходзіў да свайго месца, як на ўспыхнутае сьвятло ў тэатры паняслося з чацьвертага ярусу новае дружнае — «Марсэльезу-у! Марсэльезу-у!»

Сьвятло зноў пагасла, ды гукі не змаўкалі. Оркестр зацягнуў «Марсэльезу», і ёй настрэчу хтосьці прагукаў Рыгораў лёзунг «Далоў вайну-у-у!».

Рыгор зычна запляскаў у далоні.

Ганна тузанула яго за рукаў.


VII

— ГЭТА-Ж ТРЭБА, цэлым тыднем ня даць пра сябе жаднае весткі… Я ўсё чакала, што авось наведаеш, авось кінеш адкрытку, а ты…

— Перша давай прывітацца, а тады ўжо будзем ушчуваць… Якая ты, Ганна… Ласьне можаш вымеркаваць, каб усё ішло па пляне… Думаў ужо, што чацьвяргом абавязкова зайду, а, тым