Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/162

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

знаходзячыся з ёю сам-на-сам і далёка без аформленых намераў у адлегласьці гэтага пытаньня — ён адчуваў, што Ганна бліжэйшы і раднейшы яму чалавек. Яна цалкам адпавядае яго запатрабаваньням… З боку натуральнага падбору, бязумоўна, і сам дзядуля Дарвін не падкапаўся-б. Так! Жыцьцё — вялікі мастак і ператворца! Варта было ад Ганны адняць мацеру, перакінуць яе ў новае месца і ў іншыя абставіны, як з яе выйшаў чалавек, падобнага якому — пашукаць.

Цяпер Рыгору былі зразумелымі паводзіны Ганны, калі яна знарок наведала яго мацеру і гэтак цёпла абышлася з ёю. Зараз было ясна, чаму яна гэтак клапатліва чакала яго, а, стрэўшыся — пайшла ў шэрагах маніфэстантаў. Вось-вось яна ўся — у гэтых клопатах пра яго, у зацікаўленасьці стрэчамі з Артурам і Міхасём Камаром.

— Я ўспомніў, Ганна, — перарваў зацяжную маўчанку Рыгор, — гэта-ж ты была ў Сілцох. Дай я табе падзякую за тваю ўвагу да мае старое.

Рыгор прыхіліў Ганну да сябе і надарыў яе пацалункам.

Гэта было для яе нечаканым і разам з тым надзвычайным.

Надзвычайным і глыбока дзіўным, бо нішто не паказвала гэтага. Ганна ўверана глядзела на Рыгора, як-бы супроцьстаўляючы сваю пранозаватасьць яго востраму ўзроку. І год нябачаны Рыгор вырастаў перад ёю ў мілы, зачароўваючы вобраз. У ім зьбіраліся Ганьніны пераблытаныя надзеі, за ім разгортваліся заманчывыя пэрспэктывы. Але тут-жа, побач, Рыгор здаваўся халаднаватым і сухім. Прынамсі ў ім не знаходзіла Ганна таго, што-б дазволіла ёй паспавядацца яму ад душы. Намякне возьме пра што-колечы гэткае, а той, бачыш, і не спадабае.

Рыгораў пацалунак вярнуў дзяўчыну да поўнага давер’я.

— Ты ведаеш, Рыгор, як я па табе сумавала. Я не знаходзіла выйсьця ў сваім жыцьці і ня цікавілася яго будучыняй… Той вечар, калі я наведала цябе па сьлядох першага спатканьня, той вечар акрэсьліў усё… Я не злавала на цябе, застаўшы разам з Наталяй; я даравала пазьнейшыя няпрыемнасьці і болі; я толькі не даравала аднаго — гэта немагчымасьці цябе замяніць другім… Разумееш, ці сьмяешся?..

Ганна апусьціла вочы. Ціха выказаныя думкі рабілі шолам, гудзелі ў вушшу, і павостранасьць у чаканьні Рыгоравага слова — навостранасьць была таней валаска. Вось-вось плаўкі зык, пушчаны з мілых, гарачых вуснаў сябра-таварыша кране па ім і…