Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/159

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Сядайце-э, прашу вас! — пазвала Ганна Рыгора і Артура… — Выпіце па шклянцы гарбаты…

П’ючы гарбату, іх гутарка цярпела ад нязьвязнасьці, часта пераходзіла з тэмы на тэму. І гадзін за дзьве часу яны стала вырашылі толькі адно пытаньне — гэта пра тое, калі пабываць у Міхася Камара.

Падвешаны на сьцяне гадзіньнік выбіў дванаццаць.

Артур падняўся з месца.

— Няўжо поўнач? Даруйце, я пабягу…

— Жонцы абяцаў? — пасьмяяўся Рыгор.

— Позна, позна, браце…

Ён па чарзе разьвітаўся перш з Рыгорам, пасьля з Ганнаю, і накіраваў у дзьверы.

— Чакаю… Думаю — не адкажацеся мяне наведаць? Ганна? Рыгор?

— Абавязкова.

— Будзь пэвен.

Ганна правяла Артура за дзьверы.


V

ЯШЧЭ ДАНОСІЎСЯ СТУК Артуравых шагоў па каменным сходам — калі ў Рыгора з Ганнаю пачалася шчырая прызнаная гутарка.

Рыгор сядзеў, апёршыся локцем рукі на столік, напружана глядзеў у пабляднелы твар Ганны і казаў:

— Каб ты ведала, Ганна, я прыйшоў да цябе, як да бліжэйшага мне чалавека… Ці чула ты — арыштавалі Пятруся. І з дня на дзень можна чакаць…

Ён зацішыў голас.

— Пятрусь бурыў Калтаўскую мануфактуру, а я… а я змагаўся з поліцыяй і казакамі ў будынку на Ломанскім завулку. Сказаць табе — добра, сьмела і дружна бараніліся. Але нас купка — а вакол дому — сіла ворага… За поўнач былі пераможаны, уцяклі з дому і ўжо праз некалькі хвілін я напаткаў бясьпечныя патрулі коннае поліцыі… Што-ж аставалася на далей? І мы пайшлі працаваць. А зараз — вораг робіць расплату — кожны момант я гатоў ачуцца побач з Пятрусём… Ты чула?

— Я, я добра чую… — растрывожана праказала Ганна і змаўчала.