Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/158

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У гэты момант стукнулі дзьверы і ў пакой увайшла Ганна. Не патураючы нінавошта, загутарыла:

— Сустрэла, выпадкова, Міхася Камара… Прасіла зайсьці… Але ён сьпяшыў кудысь… і ніяк ня мог уварваць каліва часу… Вельмі прасіў днямі яго наведаць…

Ганна паведамляла гэта з перабоямі, засопшыся, уладваючыся з небагатым сэрвізам, які складаўся з двух талерак, аднаго нажа і відэлак. Яна сьпяшалася і гэта паднімала нэрвовасьць — у скутку якой пару разоў выпаў з рук нож і чуць не павярнуўся стол…

Рыгор настаражыўся, пачуўшы імя Міхася Камара, але затрымаўся распытваць, пакуль Ганна не ўроўнаважыцца…

— Вось… цесната, бачыце… даруйце-э, чым хата багата…

Яна паглядзела на мужчын…

— А зараз і самавар… Ня болей дзесяці хвілін, перапрашаю…

Ганна памкнулася ў дзьверы — Рыгор пераняў:

— Міхась Камар, кажаш? — Як-жа ён, адкуль і што?

— Хіба-ж табе Артур не казаў?

Ганна мігнула ў дзьверы, падаўшы пра сябе знаць стукам самаварнае трубы ў калідоры.

— Я-ж табе казаў, Рыгор, што маю жонку Міхась у экспэдыцыю ўладзіў!

— Міхась Камар? А яго адрас?

— Я запытаю ў маёй жонкі — тая ведае… Кожны раз можам зайсьці да яго… Ды Ганна, напэўна, знае…

— Я мушу быць у Камара… Ганна?

Тая шмыгала то ў пакой, то з пакою… І клапацілася пра гасьцей.

— Як на ліха — жаднае цягі… — ні-то казала яна сабе, ні-то скардзілася гасьцём.

— Вы-бы кінулі, Ганна, з самаварам, — праказаў Артур. — Мы зараз пойдзем і дзе-колечы па дарозе перакусім…

— Па дарозе… а Рыгор, магчыма, і не абедаў, праўда?

— Ты ўгадала, — пасьмяяўся Рыгор, — з заводу і да цябе — глядзі, во…

— Вось бачыце…

Ганна яшчэ парсьцей завіхнулася каля гарбаты. Цяпер яна пакінула гасьцей і ўжо зьявілася ў пакой з гарачым самаварам.