Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/157

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

на цябе… Паверыш — каб хто мяне завяраў, што я з табою сыдуся тут, у Пецярбурзе — махнуў-бы рукою… А, тымчасам, праўда… І як нутром чуў, што ты прыйдзеш сюды… Давай, думаю, заскочу па дарозе і запытаю, ці бачылася з табою… Я жыву вось тут, на Нікольскай; калі ласка, заходзь — буду вельмі рады… Успомнім старое, хоць і недалёкае…

Яны трымаліся адзін у другога за руку. Ніводзін не памыкаўся разьняць таварыскага прывітаньня. Адначасна абое прыселі каля століка, як зьвязаныя… і толькі закавыляўшае пад Рыгорам крэсла заставіла яго мімаходзь аберуч хапіцца за апорныя пункты: за шыляваньне акна — аднэй рукою, а за сыцену — другою. Аднак, гэта комічнае становішча ня выклікала ні ў адным водгуку. Праз хвіліну маўчанкі Артур загутарыў далей:

— За гэты год, таварыш Рыгор, я многа гора нацярпеўся. Мяне разьлічылі з заводу ў Рызе хутка пасьля твайго арышту. Я перш прабаваў паступіць на другі, але, як па згаворы — усюды адбой. Тады я напісаў ліст таварышу ў Пецярбург — той парадзіў прыехаць. Ня думаючы доўга — злажыўся і ў дарогу… Што-ж нам, пролетарам, доўга раздумваць? Пакідаць нечага, а сям’ю за рукі і ходу… Прыехаў у Пецярбург і, паверыш, добра ўладваўся. Астаўся на працы… Заработак быў ня дрэнны… Раптам — забастоўка… Ці-ж у маёй натуры ня быць першым? І, што ты думаеш, гэтымі вось рукамі накінуў масьцеру мяшок на голаў… Пасьля дазналі і ў чорныя сьпіскі. Куды не паткніся — адказ… Як і ў Рызе… Тады я кінуўся на другое — мяне ўперлі ў арцель каталёў… Ну — там ня вытрымаў… А зараз з паўгода бадзяюся па дробных майстэрнях. Заработак — як кот наплакаў… Дзякуючы Міхасю Камару — мо’ помніш яго? — удалося жонку ўладзіць на службу, і гэтак кідаюся… З агню ды ў полымя…

Рыгор уважліва слухаў, прапусьціўшы між вушэй ўспомненае Артурам імя Камара.

— Круціць, браце, жыцьцё нас, як вецер саломіну! — праказаў ён.

— І яшчэ як круціць!..

— Але, вось, мне здаецца, што ня сумее зламаць! Ха-ха-ха! Не дамося-а!

Рыгор, а за ім Артур, як па згаворы, падняліся з месц, каб праверыць свае сілы, ці сапраўды іх хопіць не паддацца жыцьцёвай нязгодзе.