Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

звысака надзяляць сухімі сказамі. Ды павінны маўчаць? Го, не! Гэтага не! Было бяссумненна, што пачуцьцё пакоры ня вернецца.

Але пра гэта ня думалі — вайна перабівала ўсё. Пад яе ўражаньнем знаходзіліся і рабочыя заводу, і яго гаспадары. Нават тэмп працы падуладжваўся трывожасьці агульнага настрою. Машыны, якія тачылі знарады, захоўваючы ў кожным некалькі сьмерцяй, гэтыя машыны не маглі заглушыць сваім гоманам і шумам гутаркі рабочых. У праходах між станкоў, праз станкі кідаліся і адкідаліся руплівыя, уважныя запытаньні і адказы. Кожны і ўсе вязалі з імі пляны і дагадкі, страты і чаканьні.

Рыгор ад знаёмых дазнаўся, што не адзін Пятрусь паплаціўся арыштам. З ліку рабочых заводу ачуліся ў лапах поліцыі да дваццаці чалавек. Усю тую ноч, калі арыштавалі Пятруся, ішлі ўзмоцненыя трухі ў рабочых раёнах. Наладжваліся поліцэйскія аблавы.

Рабілася цікавым, як уцалеў ён. І разам з гэтым вырасла сумненьне, ці надоўга гэта. Не адначасна з Пятрусём, то сёньня, а заўтра, ці яшчэ праз дзень, і поліцыя наведае яго. Запросіць да Пятруся ў госьці, а там — чаго добрага — выплыве і Смагін, і Рыга. Падумаўшы — ня ўхмыляецца.

Рыгор надумаў колькі начэй не начаваць на сваёй кватэры. А вось мінецца гэта палоса. Але дзе знайсьці прытулак? Успаміналася Ганна. Зранку цьмяна, між іншым, а што бліжэй к вечару, яскравей і настойней. І выйшаўшы з заводу, ён сеў на першы трамвай і паехаў у горад. Ня думаў — будзе Ганна на кватэры ці не — рэшана і годзе. Што па-за гэтым — ня цікава.

У трамваі, бітком-набітым людзьмі, з якіх было многа рабочых, Рыгор прыслухоўваўся да гутарак. Вайна ў пераломе апошніх падзей — служыла асноўнаю тэмай. Адчувалася, што яна праняла кожнага чалавека, захапіла яго істоту. Старыя і маладыя, жанкі і мужчыны, вайсковыя і цывільныя, рабочыя і бюргеры-мяшчане — усе на розныя лады абгаварвалі бягучыя навіны дня. Паднімаліся спрэчкі, нясьліся доказы і абвяржэньні, выяўляліся настроі. Кішмя-кішэлі дзесяткі мотываў за вайну, за яе дачаснасьць і зусім слаба выплывалі варожыя ёй, але асьцярожлівыя словы. Гусьцела мешаніна, вінігрэт з людзкіх пачуцьцяў, настрояў, бязгрунтоўнай палахлівасці і беспадстаўнага задзёру. Гурт, гушчу, грамаду можна было разумець, бачачы яе ў бягучым трамваі, як нешта тлумнае, парванае на часткі, цьмянае і нявыразнае. Калі-б буржуазная філёзофія ня была пустою рэччу,