Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/149

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гэта тыя нечаканасьці, з якімі заўсёды гуляюць у жыцьці рознастайныя здарэньні, сябруюць і надзеі. Рыгор іх ня цураўся. Абданы надзеямі, ён знаходзіў палёгку і Пятрусёваму лёсу. Сядзеў-жа ён, Рыгор, калі паласа часу была зусім інакшай. Як-бы там ня было, а кожнаму ваяку трэба прайсьці гэту школу. Як ня ўтратны Пятрусёў арышт, усё-ж яму прыдасца. Астрог — політычная школа — Рыгор адчувае па сабе. Астрог — у той-жа самы час — і кузьня; Рыгор згодзен з другімі.

Таварышоў лёс атрымліваў палёгку ў Рыгоравым ваччу і таму, што ня мелася даных на зацяжны арышт. Магчыма Пятрусю інкрымінуюць удзел у сходзе упаўнаважаных — тады дадуць адміністрацыйную высылку з трыццацьма трыма пунктамі… А бывае і без таго…

Аднак падобныя развагі былі нятрывалымі: яны ня ўстойвалі перад наплывам таварыскага пачуцьця спагады. Якім ня быў Рыгор загартаваным ваякам, якою халоднасьцю не абдавала яго сэрца ў пытаньнях змаганьня — усё-ж Пятрусь займаў у яго нутры месца, вакол якога магла бліснуць сьлязіна сантымэнту. Няхай-бы Пятрусь праходзіў заводзкую школу, чымсь гэта яму надалі школу астрожную. А ці немагчыма, бывае, здарыцца так, што ён і ня вытрывае яе? І замест посьпехаў — набудзе разувер’е, страціць сілы. Так! Нікому шляхі не заказаны…

Вось-жа прыйдзе Рыгор на завод і ў ім не застане Пятруся. Вечарам пасьля працы яны ня сыдуцца ўдваіх і, як заўсёды, не абгавораць апошніх падзей. Ды колькі будзе марна страчаных плянаў хоць і дробнага штодзеннага жыцьця! Няхай-бы склаліся абставіны так, каб усё гэта знаходзіла сваё нормальнае завяршэньне… А яно — не… Не!

Рыгор ішоў на працу, адчуваючы сябе пераможаным, палонным.

Думаў, ідучы, што гэта яго шлях да пакоры перад тым, супроць каго выходзіў на супярэчкі.

Ішлі адзінкамі, па двое і другія рабочыя, але, чамусьці, на іх тварах не заўважна адбітку болю. Вось адзін размахвае рукамі і заліваецца сьмехам, калі другі яму патурае. Вунь трэці чытае ў засос сьвежыя навіны ў «Совремёнке» і на нішто не зважае. А яшчэ іншыя то пасьвістваюць, то жартуюць. Мэрам-бы нічога ніякага ня было — а дзесяцідзенная забастоўка не пакінула і сьледу. Будуць яхідна пазіраць на іх дырэктары заводаў і горда,