Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

твар, агорнуты мяккаю ўхмылкаю, ласкава глядзеў на Рыгора. Карчмарка мэрам-бы вывучвала пасуседа, каб запамятаваць яго.

Некалькі часу абое маўчалі.

— Вас разбудзілі? — запытала гаспадыня.

— Папрашу гарбаты.

Сьмех абоіх зьліўся ў адзін. Карчмарка загаварыла:

— Напэўна вас разбудзілі… Не ў пару… Сяляне, эх, бяз усякай далікатнасьці!.. Што і казаць… Досьвіткам — шусь у двор; паламалі вешніцы… Вунь! Чуць вокан не павыбівалі… Колькі крыку, ляманту!.. Разбудзілі ўсіх, напалохалі суседзкіх дзяцей… Кірмаш, цэлы кірмаш — ды годзе! Падума-аць! Вязьці ноччу цяжарную… Блізкі сьвет! Ці-ж нельга загадзя паклапаціцнца?.. Нядбайства… Ці-ж то можа быць, каб з гэтага дзіцяці былі людзі! Куды там! Недарэчнасьць адна выйдзе. Зломак…

Карчмарка гаварыла, як грамафон: адкуль браліся словы; няўпрыкмет варушыліся губы, а голас гучэў…

Сама стаяла роўна, непарушна, нібы гутарка падпірала яе з усіх бакоў, не даючы варушыцца.

Рыгор знарочыста паглядзеў на гадзіньнік, каб гэтым даць кабеце зразумець, што яму некалі слухаць. Але карчмарка на нічога на зважала ці не хацела зважаць…

Яна на гэта мела свае мотывы.

Не пазваць-жа чужога чалавека, як сваё дзіцё ці мужа: ідзі, гэй, або як… Трэба, каб цябе людзі паважалі.

І з захапленьнем казала далей:

— Думаеце гэта дарма — не, то з рашчотам. Нашы людзі-ы з рашчотам… Ды ня то, каб з рашчотам, а больш з недахопаў. Ад веку… Мы-ж тут, па суседзтве — дык ведаем, дасканала ўсё ведаем… Так прыходзіцца жыць… Ня верыце-э!.. Мы каля пятнаццаці гадоў з сялянамі маем справу… Што казаць!

Яна перадыхнула:

— Думаеце выгадная рэч карчмарства? Вечна не дасьпіш, заўсёды на нагах; не спакоішся: то тое возьмуць, то тое паб’юць, то паломяць… Чыстаты ў хаце ня бачыш ніколі! А заработак? І-ых! На ворагаў казана — заработак… Кожны ідзе, заяжджае — нібы за ласку, па суседзтве… Толькі што лічыцца заработак. Гады-ў-рады заедзе адкуль чалавек, вось, як вы, і толькі. Хаця-б на тыдзень рублёў пяць наскрабаць… і то-б добра… А то… Няхай яно спрахне гэткае рамясло!.. і гэткае жыцьцё!.. На ўсю сям’ю, на яду ды адзежу, калі маеш якіх дваццаць рублёў у ме-