Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА ЧАЦЬВЕРТАЯ



I

ТОЙ, ХТО яшчэ хоць каліва спадзяваўся пра мінучасьць вайны, кінуў сябе супакойваць. Не знаходзілася жадных адзнак мірнага вырашэньня заблытаных пытаньняў міжнародных суадносін. Усе падзеі шпарка каціліся да крывавага разьвязваньня. Кожная новая вестка з Вены, з Бэрліну, з Парыжу, з Белграду — мела ў сабе ўсё меншы проблеск надзей на мірнае вырашэньне пытаньня. Ды каб, выпадкова, і трапіла заспакойваючае паведамленьне, яму-б ніхто не паверыў. Вайны напружана чакала буржуазія, захопліваючыся яе прадчуваньнем. Трывога дала месца яе жывёльнаму пачуцьцю, якое выклікала рознастайныя думкі, аналізы, прароцтвы. Разгойданы горад драбніўся на невялікія пласты людзей, з якіх многія ўглядалі ў надыходзячай вайне тыя ці іншыя выгады.

Па нагрэтых панэлях расфуфыранага Неўскага панясьліся задзёрыстыя выгукі наконт закіданьня шапкамі «праціўнае нямчуры». Ненатланныя апэтыты спэкулянтаў, банкіраў, растаўшчыкоў адчувалі тлусты пах нажывы на пастаўках, зьдзелках, калькуляцыях. Генэралы і задзірыстае офіцэрства прэторыянскае гвардыі — замарыла ордэнаў, нагарод, ганаровых званьняў. Чорнасотніцкія паўзуны ўзьнясьліся думкамі пра «славу ды перамогу расійскага самаўладзтва». Кісла-лібэральная інтэлігенцыя ўспомніла «врата Цареграду», «братоў славян» і засьлюнявіла старонкі прадажнае прэсы дзьмутым мужствам «доблеснага воінства». Адыгрываючы ролю «опозыцыі яго вялікасьці» і ўжарты праводзячы пальцам па мапе граніцу Расіі ад Пецярбургу на Вільню, Кіеў і Адэсу, лібэралы зараз выкінулі лёзунг міжнацыянальнага яднаньня ў змаганьні з «юнкерствам», «прускаю веншчынай», «тэўтонамі». Зашушукаліся па буржуазных рэдакцыях, у купецкіх і банкаўскіх салёнах пра новую місію расійскай прамысловасьці…